Вярхоўная Рада Ўкраіны абрала сваім сьпікерам Дзьмітра Разумкова, які ў час прэзыдэнцкіх выбараў працаваў паліттэхнолягам Уладзіміра Зяленскага.
Пры абмеркаваньні кандыдатуры Дзьмітра Разумкова сустаршыня фракцыі партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» Ірына Герашчанка заявіла пра пераход гэтай палітычнай сілы ў апазыцыю:
«Сёньня мы... абвяшчаем, што пераходзім у апазыцыю да кіроўнай партыі, але не да Ўкраіны».
Згодна з украінскім заканадаўствам, на пачатку першага пасяджэньня новаабранага парлямэнту прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімір Гройсман склаў свае паўнамоцтвы — чакаецца, што адразу пасьля выступу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага Вярхоўная Рада зацьвердзіць новага кіраўніка ўраду.
Сёньня ж дэпутаты парлямэнту таксама зацьвердзяць міністраў, прызначэньне якіх уваходзіць у кампэтэнцыю прэзыдэнта. Гэта міністар абароны, міністар замежных спраў і кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны.
У выніку выбараў у Вярхоўную Раду Ўкраіны, якія прайшлі 21 ліпеня, партыя «Слуга народу» сфармавала манапольную большасьць з 251 дэпутата (паводле заканадаўства, кааліцыю могуць ствараць некалькі фракцыяў, але для гэтага ў яе шэрагах павінна быць ня менш як 226 парлямэнтароў).
Наступнымі паводле колькасьці сталі фракцыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» (43 дэпутаты), фракцыя партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі (27 дэпутатаў), партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» (26) і партыя Сьвятаслава Вакарчука «Голас» (17). Частка пазафракцыйных дэпутатаў сфармавалі групу «За будучыню» (22). Усяго ў Вярхоўную Раду абрана 422 дэпутаты.