Пастанова Міністэрства прыроды, што набудзе моц 1 верасьня, абмяжоўвае максымальную нагрузку на прыродныя тэрыторыі пад асаблівай аховай, піша Pravo.by. Поўны тэкст пастановы яшчэ не апублікаваны, але некаторыя лічбы ўжо вядомыя.
У рэкрэацыйнай зоне Белавескай пушчы можа быць адначасова 6270 чалавек. Для параўнаньня, папуляцыя зуброў там (не ў рэкрэацыйнай, а ў запаведнай зоне) налічвае каля 567 жывёлаў — выходзіць па 11 чалавек на зубра.
У Бярэзінскім біясфэрным запаведніку могуць быць адначасова 227 чалавек (28 на «Лясной экалягічнай сьцяжыне», 111 на маршруце «Каменная пліта» і 88 на «Жывёльных сьцяжынах»).
Таксама агучаныя нормы па дапушчальнай «трансфармацыі ляндшафтаў».
Напрыклад, у рэкрэацыйнай зоне Белавескай пушчы плошчай у 8007,6 га можна ладзіць «поўную трансфармацыю ляндшафтаў» на плошчы ў 640 га (гэта каля 900 футбольных палёў або 8% той зоны) і «значную трансфармацыю ляндшафтаў» яшчэ 576 га (каля 800 футбольных палёў і 7,2% зоны). Агульная плошча нацыянальнага парку «Белавеская пушча» — 150 069 га.
Сьпіс прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай, якіх будуць тычыцца падобныя абмежаваньні, такі:
- Бярэзінскі біясфэрны запаведнік;
- нацыянальныя паркі «Белавеская пушча»,
- «Браслаўскія азёры»,
- «Нарачанскі»,
- «Прыпяцкі»;
- рэспубліканскія біялягічныя заказьнікі «Лунінскі»,
- «Спораўскі»,
- «Днепра-Сажоўскі»;
- рэспубліканскія ляндшафтныя заказьнікі «Званец»,
- «Прыбускае Палесьсе»,
- «Альманскія балоты»,
- «Сярэдняя Прыпяць»,
- «Выганашчанскае»,
- «Ельня»,
- «Казьянскі»,
- «Чырвоны Бор»,
- «Асьвейскі»,
- «Сіньша»,
- «Смык»,
- «Выдрыца»,
- «Котра»,
- «Ліпічанская пушча»,
- «Азёры»,
- «Сарачанскія азёры»,
- «Сьвіцязянскі»,
- «Сялява»,
- «Налібацкі»;
- рэспубліканскія гідралагічныя заказьнікі «Карыценскі Мох»,
- «Доўгі».