Ужо некалькі тыдняў гараць джунглі Амазонкі ў Бразыліі і Балівіі. Пажары ў гэты час здараюцца там штогод, але сёлета яны на 80% большыя, чым летась і рэкордныя ад 2013 году, калі іх пачалі аналізаваць.
Галоўнай прычынай пажараў зьяўляецца надвор’е: сухмень, сьпякота і вецер. Але частку зь іх мясцовыя фэрмэры пачынаюць наўмысна. Такім чынам яны хочуць павялічыць свае пашы і ворыўныя землі. Шмат што сьведчыць аб тым, што сёлета галоўнай прычынай пажараў стаў менавіта чалавек.
На мінулым тыдні бразыльскае агенцтва касьмічных дасьледаваньняў INPE паведаміла, што выявіла на тэрыторыі Амазоніі амаль 73 тысячы пажараў. Яны бачны нават з космасу.
Амазонія — гэта найбуйнейшы ў сьвеце лес, у якім жыве 10% гатункаў жывёлаў з усяго сьвету. Яна адыгрывае вельмі важную ролю ў барацьбе за стабільны клімат ва ўсім сьвеце. Яе расьліны высмоктваюць вуглякіслы газ з атмасфэры і выкарыстоўваюць для таго, каб расьці, вылучаючы кісларод.
Менавіта таму вялікую пушчу, якая займае паверхню 5,5 мільёнаў кв. км, часта называюць «лёгкімі плянэты».
Калі джунглі Амазоніі будуць зьмяншацца пад уплывам дзейнасьці чалавека або пажараў, барацьба з кліматычным крызісам стане больш складанай.