Як адпачыць у Беларусі, калі вы сёлета ня выехалі на мора ці ў горы, а да канца лета засталося ўсяго два тыдні? Запрашаем у гайд Свабоды.
1. Пашпацыраваць на яхце
Выйсьці ў мора пад ветразем можна нават у Беларусі, няхай гэта і Менскае мора. У залежнасьці ад віду яхты, можна спакойна пагойдацца на хвалях, зладзіць рамантычную фатасэсію або зрабіць прапанову рукі і сэрца.
Аматары актыўнага адпачынку могуць патрэнавацца самастойна кіраваць суднам і адчуць драйв ад гэтага хуткаснага віду спорту.
2. Зладзіць фотапаляваньне на зуброў
Убачыць сымбалічную для Беларусі жывёлу можна ня толькі ў Белавескай пушчы. Вялікія чароды жывуць таксама ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці (каля 400 асобінаў) і ў заказьніку «Азёры» пад Горадняй (каля 300 асобінаў). Там жывёлы пасьвяцца ў дзікай прыродзе. Праўда, гарантаваць сустрэчу зь імі немагчыма. Зубры могуць проста схавацца ў лесе. Найбольш верагодна сустрэць іх на сьвітанку, калі жывёлы выходзяць на ўзьлесак або ў поле.
3. Пакупацца ў Браслаўскіх азёрах
Самая вялікая група беларускіх азёраў на поўначы краіны налічвае некалькі дзясяткаў. Самыя буйныя — возера Дрывяты, Снуды, Струста, Цно, Недрава, Багінскае. Усе яны разам займаюць плошчу, роўную Віцебску — 130 квадратных кілямэтраў.
Прыкладна палову Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» займаюць лясы, у якіх сустракаюцца чырвонакніжныя зьвяры і птушкі. У рэгіёне дзейнічае шмат базаў адпачынку. Тут можна ня толькі купацца, але і рыбачыць, назіраць за бабрамі, хадзіць у лес па грыбы, катацца на катамаране, выпраўляцца ў роварныя падарожжы.
4. Паганяць на квадрацыклах
Адчуць экстрым можна ня толькі ў пустынях Эгіпту, але і ў беларускіх лясах. Турыстычныя кампаніі ладзяць «пакатушкі» на квадрацыклах па лясных дарогах, уздоўж азёраў, праз брод ракі і вайсковыя палігоны. Для вастрыні адчуваньняў на маршруце кіроўцам могуць забясьпечыць крутыя павароты, уздымы і спускі, лужыны.
5. Сплавіцца на байдарках
Байдарачны сплаў ня толькі пра сузіраньне прыроды, але і пра фізычныя высілкі. Цягліцы пасьля вёслаў могуць балець яшчэ некалькі дзён. Каб пракаціцца ў байдарцы можна нават не зьяжджаць зь Менску, бо жыхарам і гасьцям сталіцы прапануюць маршрут па Сьвіслачы. Папулярныя ўлетку рэкі для сплаваў — Іслач, Вільля, Сула, Чорная Ганча.
На Аўгустоўскім канале пад Горадняй можна прайсьці шлюзаваньне ў байдарках і падняцца з дапамогай прыбываючай вады на вышыню 10 мэтраў. Падобныя збудаваньні ёсьць толькі ў Швэцыі і Вялікай Брытаніі.
6. Наведаць страўсіную фэрму
Аматары экзатычных жывёлаў могуць паехаць на адну з фэрмаў, дзе гадуюць страўсаў. У Беларусі іх можна знайсьці ў Слуцкім, Камянецкім, Кобрыньскім, Пастаўскім раёнах. Заводчыкі пакажуць наведнікам увесь шлях гэтых афрыканскіх птушак ад яйка да дарослай асобіны. У некаторых фэрмах частуюць амлетам або сырам са страўсіных яек. Надта сьмелыя могуць пакарміць птушак з рукі.
7. Пакатацца па вузкакалейцы
Гэта новы для Беларусі від прамысловага турызму з 2017 году. Часьцей за ўсё арганізатары дамаўляюцца з кіраўніцтвам дзейных торфазаводаў, каб тыя дазволілі турыстам колькі гадзін пакатацца ў рабочых цягніках.
У Беларусі засталося каля 30 вузкакалеек. Сярод іх — чыгунка ў Лідзе, Івацэвічах, Усяжы, Старобіне, Браславе. Прывабнасьць вузкакалейкі ў тым, што яна ідзе церазь лес. Праз вокны цягніка можна ўбачыць зайца або казулю. Арганізатары падчас падарожжа ладзяць экскурсіі, прыкладам, на лідзкі бровар або на здымачную пляцоўку «Беларусьфільма». Часам машыніст дазваляе праехацца ў ягонай кабіне і нават пагудзець.
8. Адчуць сябе чалавекам на балоце
Праверыць сябе на вытрымку і злавіць беларускі дзэн можна на балоце Ельня — самым вялікім верхавым балоце Беларусі ўзростам 9 тысяч гадоў. Ягоная плошча роўная Гомлю і Магілёву разам узятым.
Пераадолець маршрут, правальваючыся па пояс у ваду, слухаць байкі мясцовых праваднікоў (бязь іх тут лепей не хадзіць), піць балотную ваду, убачыць хоць кагосьці са 130 відаў тутэйшых птушак і нешта з 405 відаў расьлін і дайсьці шлях да канца — за гэтым трэба ехаць у Ельню.