На сустрэчы зь віцэ-прэм’ерамі Аляксандрам Турчыным і Ўладзімерам Дварковічам 27 жніўня Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся фінансавымі вынікамі правядзеньня ў Беларусі ІІ Эўрапейскіх гульняў, піша БелТА.
Менавіта Турчыну і Дварковічу, кажа Лукашэнка, ён даручаў кантраляваць фінансавы бок гульняў, якія ён хацеў правесьці за «ня болей як 50 мільёнаў даляраў» і якія былі праведзеныя за прынамсі 265 мільёнаў даляраў.
Лукашэнка адзначыў, што вельмі важна, наколькі змаглі кампэнсаваць гэтыя выдаткі і наколькі іх наогул магчыма падлічыць — маўляў, «гэтым пытаньнем былі вельмі занепакоеныя некаторыя грамадзяне», «у асноўным так званая апазыцыя».
«Яны заклапаціліся, што мы не кампэнсавалі, не перакрылі тыя выдаткі, якія былі ажыцьцёўленыя напярэдадні і падчас правядзеньня гэтых гульняў. Яны спрэс забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычны прыток падчас гульняў, асабліва пасьля гульняў, а ён павялічваецца, які даход, які прыбытак прынесьлі гэтыя гульні нашым кампаніям — грамадзкаму харчаваньню, музэям, артыстам і гэтак далей», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што «такія форумы — гонар для любой краіны, таму за іх і змагаюцца, і ня кожнаму аддаюць такія форумы». А яны важныя «для разьвіцьця спартовага руху», «для кансалідацыі нашых людзей».
На падрыхтоўку II Эўрапейскіх гульняў Беларусь патраціла каля 265 мільёнаў даляраў. Толькі адкрыцьцё і закрыцьцё Эўрагульняў абышлося ў 12 мільёнаў даляраў. Вядома, што зь бюджэту на арганізацыю гульняў пайшло 72 мільёны даляраў, яшчэ 36 мільёнаў выдзеліў са свайго асабістага фонду Аляксандар Лукашэнка.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.