Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар спорту растлумачыў «не заўжды поўныя трыбуны» Эўрапейскіх гульняў


Міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук, архіўнае фота
Міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук, архіўнае фота

У перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук пракамэнтаваў нізкую наведвальнасьць Эўрапейскіх гульняў, якія прайшлі ў Менску ў мінулым месяцы.

Такую наведвальнасьць дыктары дзяржаўнай тэлевізіі назвалі «не заўжды поўнымі трыбунамі», але спасылаліся на заяву міністра пра 35 тысяч іншаземцаў на Эўрапейскіх гульнях.

Кавальчук дадаў, што 20 тысяч чалавек «штодзень праходзілі праз рамачныя дэтэктары каля Палаца спорту».

«Можна рабіць высновы, — разважае міністар. — Можа быць, эфэкт не такі, як на чэмпіянаце сьвету ў хакеі. Чаму? Таму што чэмпіянат сьвету ў хакеі — гэта ачаговая падзея, гэта „Менск-Арэна“, гэта „Чыжоўка-Арэна“: усе тоўпіліся, знаходзіліся на двух аб'ектах, а тут усё было раскідана на тэрыторыі. Былі пікавыя дні, 25-га, 26-га, 27-га, калі практычна адначасова на ўсіх абʼектах праводзіліся спаборніцтвы. Можна паглядзець: яны ўсе былі запоўненыя.

Трэба яшчэ ўлічыць, што квіткі набываліся на цэлы дзень. Чалавек фізычна ня можа знаходзіцца на месцы цэлы дзень. Яму вельмі складана цэлы дзень знаходзіцца на абʼекце. Таму і складаецца ўражаньне: можна прыйсьці сфатаграфаваць, калі там знаходзіцца тысяча чалавек, але можна прыйсьці паглядзець, калі людзі на вуліцы знаходзяцца, каб папрасіць купіць білецік, каб трапіць яшчэ на гэтыя спаборніцтвы».

Паводле міністра, фан-зоны каля лядовых арэнаў разьлічваліся на большую колькасьць наведнікаў — іх рабілі з улікам досьведу хакейнага чэмпіянату; а турысты аддалі перавагу цэнтру гораду. Больш турыстаў не прыцягнулі на гульні праз адсутнасьць досьведу ў маркетынгу і рэкляме.

Кавальчук рэзюмаваў: галоўнае, што падчас Эўрапейскіх гульняў «атрымалі калясальны, бясцэнны досьвед», і ягоныя калегі ўжо кажуць пра гатоўнасьць праводзіць Алімпійскія гульні.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG