Беларусь разьвітваецца з самым маштабным спартыўным форумам у сваёй гісторыі. Увечары 30 чэрвеня на стадыёне «Дынама» пройдзе цырымонія закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў. Свабода паспрабавала сабраць тое, што беларусам пасьля іх застанецца.
Дзірка ў бюджэце
ІІ Эўрапейскія гульні Беларусі дасталіся праз тое, што ад іх правядзеньня адмовіліся Нідэрлянды (па фінансавых прычынах), а ў Расеі мерапрыемства забралі праз допінгавыя скандалы (Эўрагульні маглі прайсьці ў Казані).
Напачатку кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зьбіраўся правесьці іх усяго за 50 мільёнаў даляраў. Аднак потым сума пачала расьці.
Спачатку ў бюджэце на 2019 год заклалі 140 мільёнаў рублёў, потым агучваліся сумы ў 200 і 240 мільёнаў. У выніку міністар фінансаў Беларусі расказаў, што на Эўрагульні пайшло 540 мільёнаў. Палова з гэтых грошай бюджэтныя, іншая палова — сродкі ад продажу квіткоў і крэдыты. Пакуль незразумела, колькі ў выніку правядзеньне гульняў будзе каштаваць краіне.
Інтэрнэт у мэтро
Да правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў у Беларусі доўга рыхтаваліся. На чыгуначным вакзале адрамантавалі прыбіральні і павесілі новыя электронныя інфармацыйныя табло. Менскі гарвыканкам набыў сотню новых аўтобусаў з кандыцыянэрамі для гарадзкіх маршрутаў. Таксама абнавілі аўтобусы, якія возяць людзей у Нацыянальны аэрапорт. У сталічным мэтро зьявіўся ўстойлівы інтэрнэт, цяпер сувязь не зьнікае падчас паездкі ў тунэлі.
Усё гэта, верагодна, застанецца і будзе працаваць і пасьля завяршэньня Эўрагульняў. Як і новыя перасоўныя тэлевізійныя станцыі для Белтэлерадыёкампаніі. Верагодна, іх працягнуць выкарыстоўваць для арганізацыі трансьляцыі нацыянальных спартыўных турніраў.
Спрэчкі
ІІ Эўрапейскія гульні ў Менску выклікалі дыскусію ў грамадзтве задоўга да іх правядзеньня. Не спыняліся дыскусіі і падчас саміх гульняў, у тым ліку праз непразрыстасьць бюджэту і колькасьці замежных турыстаў. Дыскусійным таксама застаецца ўзровень спартоўцаў, якія наведалі форум.
Відавочна, што размовы пра ІІ Эўрапейскія гульні не спыняцца і пасьля іх завяршэньня. Напрыклад, незразумела на якіх умовах былі атрыманыя крэдытныя сродкі на правядзеньне гульняў. Таксама можна чакаць новых фактаў пра іх арганізацыю.
Палепшаны імідж краіны?
Гэта, бадай, самае дыскусійнае пытаньне. Мэту паказаць сябе Эўропе і сьвету прыхільнікі гульняў агучвалі амаль як самую важную. Але аб’ектыўна ацаніць эфэкт мерапрыемства будзе вельмі цяжка.
Пакуль толькі зразумела, што замест анансаваных 30 ці нават 40 тысяч замежных заўзятараў у Беларусь прыехала добра калі 10 тысяч. Відавочна таксама, што цікавасьць да форуму з боку замежных спартыўных і не толькі СМІ аказалася абмежаванай. А некаторыя публікацыі адкрыта называлі мерапрыемства прапагандысцкім.