Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрагульні ў 10 лічбах. Падсумоўваем


Адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў
Адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў

Два тыдні ў Беларусі праходзілі Эўрапейскія гульні, на якія было патрачана 540 мільёнаў рублёў. Падсумоўваем, якія страты і здабыткі прынесьлі гэтыя спаборніцтвы ў лічбах.

12 тысяч іншаземцаў

12 тысяч замежных турыстаў, паводле беларускіх памежнікаў, прыехалі ў Беларусь падчас Эўрагульняў. Але МУС на 27 чэрвеня (за 4 дні да канца Гульняў) паведамляла, што з квіткамі на спаборніцтвы ў Беларусь прыехалі толькі 4686 чалавек.

$270 мільёнаў

Столькі грошай пайшло на арганізацыі і правядзеньне Эўрагульняў. Лічбу агучыў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч. Бюджэтныя сродкі з гэтага — 133 мільёны, астатняе — спонсарская дапамога. За 270 мільёнаў можна было б пабудаваць:

  • 20 паліклінік;
  • 31 завод для перапрацоўкі сьмецьця;
  • 8 лякарняў;
  • 27 школаў;

3 затрыманыя актывісты

Актывісты БСДП «Народная грамада» Валянцін Троцкі, Сяргей Спарыш і Рыгор Пагарцаў выйшлі з плякатамі супраць інтэграцыі з Расеяй у фан-зону на праспэкт Пераможцаў. Іх амаль адразу затрымалі асобы ў цывільным. Пасьля актывістаў вывезьлі за горад і адпусьцілі.

5 прэзыдэнтаў

Кіраўнікі Расеі, Таджыкістану, Армэніі, Малдовы і непрызнанага ўладамі Беларусі Косава прысутнічалі на цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця Эўрагульняў. На адкрыцьці былі прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, прэзыдэнт Косава Хашым Тачы. Закрыцьцё наведаў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян і прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон.

На адкрыцьці таксама мусіў быць прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч: у Менску ён быў, але на цырымонію не прыйшоў з прычыны прысутнасьці там лідэра Косава.

5877 ложкаў для студэнтаў

Афіцыйныя дэлегацыі Эўрагульняў жыла ў менскай Студэнцкай вёсцы, адкуль на час спаборніцтваў выселілі студэнтаў. Інтэрнат да прыезду гасьцей аднавілі новай мэбляй і фурнітурай, туды купілі:

  • 397 камплектаў жалюзі на вокны;
  • 5877 ложкаў і матрацаў;
  • 161 насьценную вешалку ў вітальню;
  • 322 паліцы пад люстэрка ў прыбіральню;
  • 100 аўтобусаў з кандыцыянэрамі

Падчас Эўрагульняў жыхары Менску ўпершыню пабачылі аўтобусы з кандыцыянэрамі ў сталіцы. Такіх аўтобусаў да спаборніцтваў набылі сотню, у асноўным яны хадзілі па маршрутах каля спартовых арэн, дзе праходзілі спаборніцтвы.

2,5 рубля за куфаль «Крыніцы» ў фан-зоне

Куфаль піва ў фан-зоне Эўрагульняў каля Палаца спорту каштаваў 2,5 рубля, а выбар быў толькі адзін — «Крыніца». У параўнаньні з чэмпіянатам сьвету ў хакеі, які быў у Менску ў 2014 годзе, іншаземцаў у фан-зоне амаль не было, вольных месцаў за столікамі падчас спаборніцтваў таксама хапала.

69 мэдалёў у беларусаў

Беларуская зборная ў мэдальным заліку стала другой, узяўшы 69 мэдалёў (24 залатыя, 16 срэбных і 29 бронзавых). Першае месца ў мэдальным заліку на Эўрагульнях заняла Расея, трэцяе — Украіна.

12 адрамантаваных і мадэрнізаваных арэнаў

Эўрагульні праходзілі на 12 спартовых арэнах у Менску:

  • «Менск-Арэна»;
  • Стадыён «Дынама»;
  • Палац спорту «Ўручча»;
  • Falcon Club;
  • СК «Алімпійскі»;
  • «Чыжоўка-Арэна»;
  • Sporting Club;
  • Palova Arena;
  • Цэнтральны палац спорту;
  • Стралковы цір імя Цімашэнкі;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў тэнісе;
  • Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі вясьлярных відаў спорту.

У кожнай з гэтых спартовых арэн у рознай ступені праводзіўся рамонт і мадэрнізацыя, набывалі спартовы інвэнтар і прылады.

35 забароненых прадметаў

Сэлфі-палкі, ежу, спортінвэнтар, незарэгістраваную сымболіку, катоў, сабак, самакаты, цыгарэты, дзіцячыя калыскі — далёка няпоўны сьпіс усяго таго, што нельга было праносіць падчас Эўрагульняў на спартовыя арэны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG