Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сказаў не супакойвацца пасьля Эўрапейскіх гульняў: «Токіё — жэстачайшы экзамэн»


Аляксандар Лукашэнка на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў, 30 ліпеня
Аляксандар Лукашэнка на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў, 30 ліпеня

У час візыту ў Веткаўскі раён Аляксандар Лукашэнка наведаў новыя басэйны тамтэйшай дзіцяча-юнацкай школы, піша БелТА.

«Хай вас не супакойваюць Эўрапейскія гульні, — заявіў Лукашэнка. — Токіё на носе. Гэта для вас усіх будзе жэстачайшы экзамэн».

Ён адзначыў, што басэйны ў Ветцы мусяць выкарыстоўвацца ня толькі для фізкультуры, але і для адбору і падрыхтоўкі спартоўцаў, бо «мы ж ствараем, вялікія трацім грошы».

Пад «Токіё» Лукашэнка, пэўна, меў на ўвазе летнія Алімпійскія гульні, якія пройдуць у сталіцы Японіі ў 2020 годзе. Беларускія спартоўцы возьмуць у іх удзел, але праз допінгавыя скандалы квота на цяжкаатлетаў зьніжаная да двух чалавек для Беларусі, Расеі, Армэніі, Азэрбайджану і Казахстану.

Да таго ў Веткаўскім раёне Лукашэнка наведаў птушкафабрыку, дзе прыгразіў ураду турмой за здыхату быдла.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG