Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.
Шмат гадоў адзінай афіцыйнай назвай былі Міёры
Натуральная беларуская назва — Мёры
Паселішча ўпершыню згадваецца ў 1514 годзе як маёнтак Мярэя Браслаўскага павету. У перапісе ВКЛ 1567 году гэта ўжо Мёры (Меры). Паходжаньне назвы не зьвязанае з коранем «мерці». Ёсьць возера Мёрскае (старая назва Мёры), імя паселішча паходзіць ад яго, наадварот амаль ніколі не бывае. А вось гідронім гэты можа быць як балцкага (рэчка Мера ёсьць у Сьвянцянскім раёне), так і фіна-вугорскага кораня. Абодва яны азначаюць пэўную водную прастору.
Форма Мёры (Меры) ужывалася ў большасьці старабеларускіх дакумэнтаў. І на польскамоўных мапах ХVІІ–ХVІІІ стагодзьдзяў назва мястэчка Mіоrу адлюстроўвала такое самае вымаўленьне. Калі беларускія землі былі анэксаваныя Расеяй, тамтэйшыя адміністратары й картографы паўтарылі польскае напісаньне кірылічнай графікай — Міоры (зь літарай І, дарэформавай расейскай графікай). У выніку Мёры пішуцца сучасным расейскім правапісам як Миоры, шляхам адваротнай трансьлітарацыі на беларускую зь іх зрабілі недарэчную, штучную форму Міёры.
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Мёры фіксуецца як нарматыўная.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
- Беразіно ці Бярэзань?
- Брэст ці Берасьце?
- Вілейка ці Вялейка?
- Воранава ці Вярэнаў?
- Гродна ці Горадня?
- Дзятлава ці Зьдзецел?
- Драгічын ці Дарагічын?
- Іванава ці Янаў?
- Калінкавічы ці Каленкавічы?
- Ліёзна ці Лёзна?
- Міёры ці Мёры?
- Мінск ці Менск?
- Мсьціслаў ці Амсьціслаў?
- Навагрудак ці Наваградак?
- Полацк ці Полацак?
- Хойнікі ці Хвойнікі?