Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох асуджаных ва Ўкраіне расейцаў рыхтуюць да абмену


Адвакат Валянцін Рыбін у зале суда па справе "крымскіх дэзэртыраў", Кіеў, 2017 г.
Адвакат Валянцін Рыбін у зале суда па справе "крымскіх дэзэртыраў", Кіеў, 2017 г.

Трох асуджаных ва Ўкраіне расейцаў Максіма Адзінцова, Аляксандра Баранава і Яўгена Мяфёдава павінны бліжэйшым часам абмяняць на ўкраінцаў, якія знаходзяцца ў няволі ў Расеі. Як паведаміў сёньня расейскай інфармацыйнай службе ТАСС адвакат асуджаных расейцаў Валянцін Рыбін, яго падабаронная праходзяць юрыдычную працэдуру афармленьня абмену.

«Я магу пацьвердзіць, што мае кліенты — грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, яны праходзяць працэдуры, у выніку якіх змогуць пакінуць тэрыторыю Ўкраіны. Мы рыхтуемся да будучага абмену. Спадзяюся, ён хутка адбудзецца. Аляксандр Баранаў, Аляксей Адзінцоў, Ігар Кімакоўскі, Яўген Мяфёдаў і іншыя прымуць удзел у абмене. Я не магу назваць дату, але думаю, што гэта будзе вельмі хутка», — кажа Рыбін.

Адзінцоў і Баранаў былі прызнаныя ва Ўкраіне вінаватымі ў дэзэрцірстве і дзяржаўнай здрадзе. Адзінцову прысудзілі 14 гадоў няволі, а Баранаву — 13. Мяфёдава абвінавачваюць у сэпаратызму па справе аб масавых беспарадках у Адэсе 2 траўня 2014 году. 19 жніўня сёлета ён быў вызвалены пад заклад і паведаміў, што гатовы да абмену.

21 жніўня адразу некалькі расейскіх СМІ паведамілі пра тое, што Расея і Ўкраіна рыхтуюцца да абмену зьняволенымі. Агенцтва «Интерфакс» сьцьвярджае, што Кіеву могуць быць перададзены пяцёра грамадзянаў Украіны, асуджаных у Расеі за ўчыненьне розных злачынстваў. Гаворка ідзе пра Ўладзіміра Балуху, Станіслава Клыха, Аляксандра Кальчанку, Паўла Грыба і Мікалая Карпюка — усе яны былі дастаўлены нядаўна ў ізалятар «Лефортава». Па дадзеных агенцтва, іх могуць перадаць ва Ўкраіну для далейшага адбыцьця пакараньня.

Па дадзеных расейскага выдавецтва «Коммерсантъ», ужо да верасьня ва Ўкраіну будуць адпушчаныя маракі вайсковых карабелаў, захопленых расейскімі памежнікамі ў Керчанскім заліве. Інфармант расейскага выдавецтва РБК, знаёмы з хадой перамоваў аб абмене, пацьвердзіў, што рашэньне аб перадачы маракоў было прынята яшчэ «даўно» і што, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў жніўні.


Тым ня менш, учора Масгарсуд падоўжыў да канца кастрычніка тэрмін утрыманьня пад вартай 13 украінскіх маракоў, арыштаваных пасьля інцыдэнту ў Керчанскім праліве. Вайскоўцаў абвінавачваюць у незаконным перасячэньні мяжы з Расеяй.

• Украіна лічыць, што ў Расеі незаконна ўтрымліваюцца каля 150 грамадзян краіны — столькі чалавек было ў сьпісе на абмену грамадзянамі, складзеным у ліпені ўпаўнаважанымі па правах чалавека з боку дзьвюх краінаў.

• Самыя вядомыя зьняволеныя ў дакумэнце — абвінавачаны ў тэрарызме рэжысэр Алег Сянцоў, абвінавачаныя ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на баку чачэнскіх сэпаратыстаў Мікалай Карпюк і Станіслаў Клых, і 24 члены экіпажаў захопленых расейскімі памежнікамі вайсковых карабелаў. Склад расейскага сьпісу на абмен не раскрываецца.

• Паводле Міністэрства замежных справаў Ўкраіны, Расея незаконна ўтрымлівае больш за 70 украінцаў. Гэтая лічба не ўключае 24 украінскіх маракоў, захопленых Расеяй у раёне Керчанскага праліву ў канцы лістападу 2018 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG