Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск з акупаванага Данбасу прывезьлі чатырох украінскіх палонных. Колькі застаецца ў палоне?


Акцыя ў падтрымку ўкраінскіх палонных, Кіеў, сьнежань 2018-га
Акцыя ў падтрымку ўкраінскіх палонных, Кіеў, сьнежань 2018-га

Прарасейскі палітык Віктар Медвядчук выказаў гатовасьць перадаць украінскаму боку ў Менску чатырох палонных з Данбасу. Колькі ўсяго ў палоне і чаму няма абменаў?

Ад пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе і акупацыі Расеяй Крыму тэма палонных і ўвязьненых стала найбольш адчувальнай і найменш вырашальнай на перамовах у менскім і нармандзкім фарматах.

Чаму гэтым разам вызваленьне ўкраінскіх вайскоўцаў, захопленых у палон фармаваньнямі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік», цяпер адбываецца ў Менску?

Паўнамоцтваў на абмен няма

Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“» Віктар Медвядчук ня мае паўнамоцтваў ад украінскай дзяржавы на ажыцьцяўленьне перамоў наконт абмену ці вызваленьня палонных. Ён зьвязаў такую актыўнасьць Віктара Медведчука з маючымі адбыцца ва Ўкраіне парлямэнцкімі выбарамі.

Увесь час, як ідуць перамовы, украінскі бок заяўляў, што рашэньне аб абмене палоннымі прымаецца не прадстаўнікамі гэтак званых «ЛДНР», а ў Крамлі. І Віктар Медвядчук, як сьцьвярджаюць былыя прадстаўнікі Ўкраіны ў менскай Трохбаковай кантактнай групе, быў уведзены ў склад перамоўнікаў, бо пра гэта адмыслова папрасіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

У часе прэзыдэнцкай кампаніі тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляў, што Віктар Медвядчук быў адзіным каналам сувязі з Уладзімірам Пуціным і Расеяй. І ягоны ўдзел у працы Трохбаковай кантактнай групы быў неабходны для вызваленьня ўкраінскіх закладнікаў і для апасродкаваных кантактаў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

Віктар Медвядчук, архіўнае фота
Віктар Медвядчук, архіўнае фота

Віктар Медвядчук вядомы таксама як «кум Пуціна». У 2018 годзе ён стаў фігурантам гучнага расьсьледаваньня аб дзяржаўнай здрадзе.

«Дэ-факта спадар Медвядчук прадстаўляе Расейскую Фэдэрацыю і Пуціна... Гэта быў адзіны канал сувязі з Пуціным, які аказаўся неэфэктыўным. Гэта не кампэтэнцыя спадара Медведчука зусім — вызначаць, што і як рабіць Украіне. У яго была адна функцыя, і гэтая функцыя — вызваленьне закладнікаў, якія знаходзяцца як у падвалах акупаваных тэрыторый, так і ў турмах Расеі», — сказаў сёлета ў красавіку Пятро Парашэнка.

Дакладная колькасьць палонных невядомая

За ўвесь час ні Расея, ні Ўкраіна не называлі дакладнай колькасьці вайскоўцаў і цывільных грамадзян, якія трапілі ў палон ці турмы ў сувязі з ваеннымі дзеяньнямі на Данбасе.

Гэтыя зьвесткі часьцей фармуюцца на падставе дадзеных праваабаронцаў, па выніках рэальных абменаў і паводле сьведчаньняў ужо вызваленых людзей.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на тэрыторыі Расеі і акупаваных тэрыторыях Данбасу і Крыму налічваецца каля 600 палітычных і вайсковых вязьняў, а на тэрыторыі Ўкраіны — каля 400 украінскіх грамадзян, якія ваявалі ў фармаваньнях самаабвешчаных «ЛДНР», і амаль сотня — кадравых расейскіх вайскоўцаў і грамадзян Расеі, якія «добраахвотнікамі» ваявалі на Данбасе на баку гэтак званых «народных рэспублік». Яшчэ каля 400 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.

Ва ўкраінскіх крыніцах сьцьвярджаецца, што з 2014 па 2018 гады з палону баевікоў было вызвалена 3244 палонныя ўкраінцы.

За пяць гадоў былі тры абмены

З чэрвеня 2014 году абменам ці вызваленьнем палонных з боку Ўкраіны займаліся некалькі арганізацый, праваабаронцы і актывісты-валянтэры. Часьцей за ўсё гэты працэс адбываўся непублічна. Увосень 2014-га, пасьля стварэньня ў Менску перамоўнай пляцоўкі, гэтая тэма перайшла ў кампэтэнцыю гуманітарнай падгрупы менскай трохбаковай кантактнай групы.

З таго часу адбыліся тры вялікія абмены:

  • У сьнежні 2014-га Ўкраіна вярнула 150 сваіх грамадзян у абмен на 222 баевікоў.
  • У жніўні 2015-га бакі абмяняліся парытэтна дванаццацьцю закладнікамі. Тады 18 украінцаў, асуджаных ва Ўкраіне за ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку «ЛДНР», адмовіліся вяртацца на акупаваныя тэрыторыі і палічылі за лепшае адбываць пакараньне ва ўкраінскіх турмах.
  • У сьнежні 2017-га Ўкраіна перадала самаабвешчаным уладам «ЛДНР» 233 асуджаных прарасейскіх баевікоў у абмен на 74 сваіх вайскоўцаў. Тады 73 удзельнікі вайсковых фармаваньняў «народных рэспублік» таксама адмовіліся вяртацца на акупаваную тэрыторыю.

Увесь час абодва бакі настойвалі на формуле абмену «ўсіх на ўсіх», але ніводнага разу гэтай мэты не ўдавалася дасягнуць. Апошнія два гады, каб актывізаваць замарожаны працэс, украінскі бок прапаноўваў і іншыя формулы, паводле якіх быў гатовы перадаць «ЛДНР» больш арыштаваных ва Ўкраіне за сэпаратызм, каб выцягнуць зь іхнага палону хаця б некалькі сваіх вайскоўцаў, якім патрабавалася тэрміновая мэдычная дапамога. Але кампрамісу не дасягнулі.

Два гады бакі абменьваліся сьпісамі палонных, але кожны раз прадстаўнікі так званых «ЛДНР» сьцьвярджалі, што ня маюць шэраг грамадзянаў, прозьвішчы якіх Украіна ўключала ў гэтыя пералікі.

Напрыканцы 2018 году шэраг расейцаў, затрыманых ва Ўкраіне, зьвярнуліся зь лістом да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, просячы абмяняць іх на ўкраінскіх вязьняў. Але і гэты ліст не дапамог.

Украінскія маракі — па-за перамоўным працэсам

У той жа час у Расеі пакуль застаюцца 24 украінскія маракі, захопленыя летась у лістападзе ў Керчанскай пратоцы. У траўні Трыбунал ААН абавязаў Расею іх вызваліць.

Тры дні таму Міністэрства замежных спраў Расеі ў ноце патрабавала ад Украіны даць пісьмовыя гарантыі ўдзелу ў працягу крымінальнага перасьледу маракоў згодна з расейскім заканадаўствам. Але зьнешнепалітычнае ведамства Ўкраіны палічыла, што такім чынам Расея абвастрае сытуацыю, адмаўляючыся безумоўна выканаць рашэньне Трыбуналу ААН. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абурыўся такімі дзеяньнямі ўкраінскага МЗС, мяркуючы, што гэта можа сарваць працэс вызваленьня маракоў і вяртаньня іх ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG