У час візыту ў Івейскі раён Горадзенскай вобласьці 21 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «другі раз за тыдзень трапіў у рай», піша БелТА.
Лукашэнка адзначыў, што чакаў, што Іўе — «якая-небудзь цёмная вёска ці заняпалы горад», а там аказаўся «курорт».
«Я чакаў горшага, але вельмі рады, што ў вас тут вельмі добра, — сказаў Лукашэнка жыхарам Іўя. — Але галоўнае, каб вы жылі мірна. Я часта людзям кажу: ня рвіцеся куды-небудзь, не чакаюць нас там. Час зараз такі, што адарваў ад сваёй зямлі, прызямліцца няма дзе. Таму беражыце сябе, беражыце сваіх дзетак. Мы будзем старацца дапамагаць вам».
Ён згадаў, што на гэтым тыдні ўжо «трапляў у рай», калі езьдзіў у Старыя Дарогі Менскай вобласьці — маўляў, «як на курорце людзі жывуць: вакол лясны масіў, людзі задаволеныя».
У Іўі, таксама адзначыў Лукашэнка, жыве шмат мусульманаў, зь якімі ён «мае асаблівыя стасункі», таму іх «ні ў якім разе ня крыўдзіце». Ён таксама паабяцаў прыехаць на фэстываль памідораў, на якім ладзяцца «таматныя бітвы».
Пасьля прамоваў Лукашэнка паглядзеў выступ ансамблю народнай музыкі і фрагмэнт дзіцячага спэктаклю «Ніхто не паверыць», атрымаў у падарунак ад рамесьніка саламяны капялюш, пачаставаў дзяцей і рамесьніка шакалядкамі «Президент». Ён таксама паабяцаў наведаць іншыя аддаленыя раёны ў кожнай з абласьцей — у прыватнасьці, праз тыдзень заплянаваў паездкі ў Карэлічы і Дзятлава, калі там скончаць церабленьне даўгунца. Акрамя таго, у Іўі Лукашэнка заявіў, што трэба спыняць выкарыстаньне плястыкавых пакетаў, бо хутка Беларусь «ператворыцца ў звалку».
Там праўда рай?
Актуальных рэйтынгаў якасьці жыцьця сярод гарадоў Беларусі, у якія траплялі б Іўе і Старыя Дарогі, няма. Напрыклад, у леташнім рэйтынгу беларускіх гарадоў ад «Цэнтру новых ідэяў» разглядаліся толькі 20 найвялікшых населеных пунктаў, а «райскія» мястэчкі на парадак меншыя па насельніцтве за Воршу — апошнюю ў тым рэйтынгу.
Апошні «ўсеагульны» рэйтынг рэгіёнаў паводле ўзроўню сацыяльнага дабрабыту датаваны 2014 годам. У ім і Старадароскі, і Івейскі раёны аднесеныя да рэгіёнаў зь «вельмі нізкім» узроўнем сацыяльнага дабрабыту. Першы на 72 месцы са 118, другі — на 114-м.
У актуальным рэйтынгу сярэдніх заробкаў ні Івейскі, ні Старадароскі раёны не выглядаюць «райскімі».
Па стане на ліпень у Старадароскім раёне сярэдні налічаны заробак быў роўны 863 рублі, у Івейскім — 767 рублёў. Сярэдні заробак па ўсёй краіне тады быў роўны 1081 рублю, у Менску і самым багатым Салігорскім раёне тады было каля 1500 рублёў, у самым бедным Шаркаўшчынскім раёне — 675,7 рубля.
І ў «райскіх» гарадах не павялічваецца насельніцтва. На 1 студзеня 2019 году ў Старых Дарогах жылі 10376 чалавек, у Іўі — 7668 чалавек. На дэмаграфічным піку насельніцтва першага дасягала 11,8 тысячы (у 2000 годзе), другога — 8,45 тысячы (у 2006 годзе). Пасьля насельніцтва абодвух толькі зьмяншалася.