За «экстрэмісцкі» арыгінал крычалкі пагражае штраф ад ад 10 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.
Крычалка «Хто ня скача, той м...ль» стала шырока вядомая пасьля Эўрамайдану і Рэвалюцыі годнасьці 2014 году ў Кіеве. Увесну 2015 году група маладзёнаў выкарыстала крычалку з такім тэкстам падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску — Рэспубліканская экспэртная камісія прызнала відэа пра гэта экстрэмісцкім, але сама крычалка заставалася легальнай. 23 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў крычалку экстрэмісцкай.
24 кастрычніка крычалка зьявілася ў беларускім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў: яна лічыцца экстрэмісцкай «незалежна ад носьбіта інфармацыі (сьцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элемэнты адзеньня, прадметы быту і да таго падобнае), а таксама створаны і разьмешчаны ў якасьці прадукцыі для сродкаў масавай інфармацыі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах, і кадрах), а роўна сама гукавая абалонка тэксту, вымаўленая ў выглядзе словаў, якія могуць суправаджацца дзеяньнямі ці зьявамі, а роўна трансьляцыя вымаўленага тэксту з аўдыёносьбітаў».
У шэрагу беларускіх СМІ цяпер ужываюць фармулёўку «Хто ня скача, той [рускі]» (і называюць крычалку «русафобскай»). Карыстальнікі сацсетак жа адзначылі, што забароненыя не асобныя словы з крычалкі (у тым ліку ня слова «маскаль»), а толькі крычалка цалкам, і толькі ў «расейскім» варыянце (а не варыяцыях зь іншых краінаў). У сацсетках прапануюць іншыя варыянты, як то:
- Хто ня скача, той бульбаш;
- Хто ня скача, той ня скача;
- Хто ня скача, той самі ведаеце хто;
- Хто ня скача, сразу в рай;
- Хто ня скача, той паводзяць сябе па-барбарску адносна нас;
- Хто ня скача, той бяз знака якасьці;
- Хто ня скача, Блез Паскаль;
- Хто ня скача, той масай;
- Хто ня скача, той чэкіст;
- Хто ня скача, на вакзалЬ
- ды іншыя.
Іншыя падобныя фразы не забароненыя, таму карыстальнікі прыйшлі да высновы, што яе можна мадыфікаваць, як то «Дзякую табе, Божа, што я скачу» (ва Ўкраіне прадаюцца розныя віды адзеньня з надпісам падзякі Богу за непрыналежнасьць да маскалёў).
Само слова «маскаль» (вядомае прынамсі з XIV ст. у значэньні «жыхар Масковіі» або расейскі вайсковец царскіх часоў), паводле экспэртызы дзяржаўнага Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі, ня ёсьць абразьлівым аўтаматычна: яно цяпер мае «выразна нэгатыўную канатацыю», але выявіць абразьлівы характар можна толькі пры ўжываньні ў пэўным тэксьце, у канкрэтнай камунікатыўнай сытуацыі.
Але ў сьпісе матэрыялаў ёсьць яшчэ адна забароненая незалежна ад носьбіту фраза на ўкраінскай мове, якая перакладаецца як «Ня важна, маскаль ты ці не. Галоўнае, каб не маскаль».