Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці апублікавалі ў сацыяльных сетках відэа, на якім супрацоўнік прадпрыемства «Ай Паўэр» Канстанцін Касьцянка прынёс удзельнікам бестэрміновай «Сьвінцовай варты» дзьве кветачкі — звычайна так робяць падчас пахаваньняў і жалобных імпрэзаў.
Свабода распытала выпрабавальніка-фармоўшчыка акумулятарных батарэй Канстанціна Касьцянку пра матывы ягонага ўчынку, а пікетоўца Ўладзімера Мароза, якому той перадаў кветкі, — пра ягоную рэакцыю.
Супрацоўнік заводу: «Хацеў плюнуць у морду, але стрымаўся»
«У кожным канфлікце трэба шукаць кампраміс, усе мы людзі, — тлумачыць Касьцянка. — Але так званыя абаронцы сваімі агрэсіўнымі выпадамі проста дасталі. І ў сацсетках, і ў твар кідаюць: „Косьця, ты сьмяротнік, пакуль ня позна, шукай іншую працу!“. Мяне, як добрапрыстойнага грамадзяніна, нарэшце як мужчыну, гэта чапляе. Для любога чалавека важна, каб была праца, каб была магчымасьць забясьпечыць сям’ю. Калі мяне абражаюць, я вымушаны адстойваць свой гонар, інакш сам сябе паважаць ня буду. Можна было нават у суд зьвярнуцца, але пакуль не да таго».
Паводле Касьцянкі, у яго было жаданьне «плюнуць у морду» праціўнікам заводу, але ён стрымаўся і выказаў стаўленьне іначай — сымбалічнымі «пахавальнымі кветкамі».
«Я хачу, каб завод працаваў і выпускаў прадукцыю, на якую Беларусь траціць сотні мільёнаў даляраў, набываючы яе за мяжой, — працягвае Касьцянка. — Але калі кучка неадэкватных людзей абражае цябе за тое, што ты сумняваесься ў іхнай кампэтэнтнасьці, гэта ўжо выходзіць за ўсялякія рамкі. Я свой выбар зрабіў: гэта мой завод, мая краіна. Інавацыйная вытворчасьць, ад якой мы нікуды не падзенемся, як бы нехта не спрабаваў перашкодзіць разьвіцьцю».
Праціўнік заводу: «Гэта абсалютнае дзікунства»
Кветкі ад Касьцянкі прыняў Уладзімер Мароз, які быў на варце, — ён адзін з актыўных праціўнікаў вытворчасьці акумулятараў. Мароз запэўніў карэспандэнта Свабоды, што ніякіх абразаў у адрас гэтага прадстаўніка заводу не агучваў, таму ягоны ўчынак яго ашаламіў.
«Ніякага наўпроставага канфлікту менавіта зь ім у нас не было, — кажа берасьцейскі актывіст. — Ведаючы яго як не зусім адэкватнага чалавека, нашы людзі стараюцца яго наогул абыходзіць. Прынамсі ня ведаю, каб нехта ўступаў у дыялёг ці адпускаў у яго адрас нейкія рэплікі... Прынесьці дзьве кветачкі — у маім разуменьні гэта проста дзікунства. Я ведаў пра яго існаваньне, але побач пабачыў упершыню. Гэта быў адзіны наш дыялёг, нават больш маналёг, бо ён паклаў кветкі, і ўсё».
Канстанцін Касьцянка сказаў Свабодзе, што ўжо два месяцы іх завод стаіць, ніякай вытворчай актыўнасьці няма. Пасьля выступаў праціўнікаў вытворчасьці цяпер ім займаюцца ведамасныя камісіі.
«Я зьдзіўляюся, як у нашай краіне яшчэ здольныя паддавацца на правакацыі. З майго гледзішча гэта элемэнтарны сабатаж. І калі гэтыя абаронцы такія зацятыя, чаму яны прыяжджаюць на свае „вахты“ на машынах? У кожнай стаіць акумулятар, яго недзе вырабілі. Калі такія пасьлядоўныя, перасоўвайцеся на конях, на ровары, прайдзіцеся пешшу. Не, прыяжджаюць на БМВ і пратэстуюць супраць заводу, безь якога іх „бэха“ ня зрушылася б зь месца», — кажа супрацоўнік заводу.
Уладзімер Мароз на гэта адказаў, што адміністрацыя заводу намагаецца стварыць сярод насельніцтва нэгатыўны вобраз абаронцаў, якія за свае вахты атрымліваюць «заходнія падачкі» і выконваюць замову на зьнішчэньне канкурэнта.
«Адна з нашых паплечніц жыве на лецішчы побач з Касьцянкам, і ён „прасьвятляе“ суседзяў, што нам нібыта плацяць штодня па 20 даляраў, фінансуе гэта Польшча, каб з нашай дапамогай закрыць завод. Маўляў, палякам не патрэбны моцныя канкурэнты, хочуць такім чынам вытворчасьць ліквідаваць. Вось такую лухту ўкладаюць у вушы, вучаць нас ціха ненавідзець. Мы спрабавалі давесьці свае аргумэнты, але нас ня хочуць нават выслухаць», — падсумаваў Уладзімер Мароз.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.