Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальніка акумулятарнага заводу арыштаваў КДБ. На загад Лукашэнкі справай займаецца Генпракуратура


Інфармацыя пра затрыманьне ўладальніка кампаніі –​ будаўніка акумулятарнага заводу «АйПаўэр» ля Берасьця зьявілася раніцай 2 ліпеня на афіцыйным сайце Генэральнай пракуратуры. Віктар Лемяшэўскі быў затрыманы ў ноч на 28 чэрвеня.

Неафіцыйная інфармацыя аб затрыманьні ўладальніка скандальна вядомага акумулятарнага завода ля Берасьця зьявілася 29 чэрвеня. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамілі адразу некалькі СМІ, а таксама праціўнікі будаўніцтва прадпрыемства.

Гаварылася, што акрамя Віктара Лемяшэўскага затрыманыя таксама кіраўнікі яго прадпрыемстваў у Пінску і Белаазёрску. Сілавыя структуры гэтую інфармацыю ніяк не камэнтавалі. Першае афіцыйнае пацьверджаньне зьявілася на пяты дзень пасьля затрыманьня бізнэсоўца.

«Генэральнай пракуратурай у адпаведнасьці з даручэньнем кіраўніка дзяржавы праводзіцца праверка сытуацыі, зьвязанай з будаўніцтвам і ўвядзеньнем у эксплюатацыю акумулятарнага заводу ў горадзе Берасьці, — гаворыцца на сайце Генпракуратуры. — У вядзеньне Генэральнай пракуратурай прынятыя крымінальныя справы, распачатыя Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 430 (атрыманьне хабару) і 431 (даваньне хабару) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

З паведамленьня Генпракуратуры таксама вынікае, што, акрамя Віктара Лемяшэўскага, арыштавалі таксама галоўную бухгальтарку кампаніі «Белінвэстгандаль-Сплаў» Сьвятлану Лемяшэўскую, начальніка аддзелу тэхнічнага разьвіцьця гэтай жа кампаніі Сяргея Ахрэмчука, а таксама Івана Пакісьлюка, які зьяўляецца намесьнікам дырэктара «Белінвэстгандаль-Сплаў».

Акрамя таго, паведаміла Генпракуратура, падчас сьледзтва будзе дадзена прававая ацэнка дзеяньням і іншых службовых асобаў, у тым ліку дзяржаўных органаў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG