ЗША і пяць эўрапейскіх краін адзначылі 11-ю гадавіну канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй, паклікаўшы Маскву выканаць дасягнутыя ў 2008 годзе дамоўленасьці і адвесьці свае войскі на пазыцыі, якія былі занятыя імі да пачатку ўзброеных дзеяньняў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пасьля закрытых кансультацый у рамках Рады Бясьпекі ААН амбасадары Бэльгіі, Эстоніі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Вялікай Брытаніі і ЗША апублікавалі заяву ў падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.
Падчас прэзыдэнцтва Міхэіла Саакашвілі Грузія зрабіла няўдалую спробу аднавіць кантроль над Паўднёвай Асэтыяй, што прывяло да кароткай вайны з Расеяй, якая пачалася 7 жніўня 2008 году.
Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і стварыла там вайсковыя базы.
Шэсьць краінаў заявілі, што «вельмі занепакоеныя» ўмацаваньнем абароннага супрацоўніцтва паміж Расеяй і гэтымі двума рэгіёнамі, а таксама актывізацыяй працэсу дэмаркацыі межаў, які, на іх думку, расьцягвае канфлікт і дэстабілізуе Грузію і ўвесь рэгіён.
Яны зноў заклікалі Расею прытрымлівацца дамоўленасьцяў ад 12 жнiўня і 8 верасьня 2008 году, якія прадугледжваюць абавязаньні адвесьці ўзброеныя сілы на пазыцыі, занятыя да пачатку ўзброеных дзеяньняў, а таксама стварэньне міжнароднага мэханізму ў сфэры бясьпекі.
Выканаўца абавязкаў пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітры Палянскі сказаў журналістам, што Расея разглядае гэта трагічную падзею як частка гісторыі.
«Грузія заплаціла вельмі вялікую цану за гэту трагічную памылку, дапушчаную былым прэзыдэнтам Міхэілам Саакашвілі, — сказаў ён. — І мы бачым, што адзіны шлях зрабіць адносіны на Каўказе квітнеючымі і зьнізіць напружанасьць — гэта дыялёг паміж Грузіяй і дзьвюма незалежнымі дзяржавамі».
«На жаль, пазыцыя, якую займаюць заходнія краіны, ня вельмі спрыяе гэтаму», — дадаў Палянскі.