Грузія абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах, парушэньнях правоў чалавека і «бясчынствах», учыненых на яе тэрыторыі ў ходзе канфлікту, які пачаўся амаль 10 гадоў таму, паведамляе The Guardian.
У сваёй заключнай прамове перад Эўрапейскім судом па правах чалавека ў Страсбуры ўрад Грузіі аб’явіў, што Масква вінаватая ў шматлікіх парушэньнях падчас расейска-грузінскага канфлікту ў жніўні 2008 году.
Паводле грузінскага ўраду, за пяць дзён канфлікту расейскія самалёты правялі больш за сотню нападаў па цэлях у Грузіі. Тбілісі валодае доказамі таго, што бомбы скідваліся на тэрыторыі з цывільным насельніцтвам, а гэта прывяло да гібелі і раненьняў сотняў людзей.
Грузінскі ўрад заяўляе, што з пачаткам канфлікту расейскія сілы літаральна хлынулі ў сэпаратыскія Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Усяго ж на тэрыторыі Грузіі было разьмешчана 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
Дзяржаўны адвакат Грузіі: Масква «гадамі выношвала пляны» па захопу тэрыторыяў
Дзяржаўны адвакат Грузіі Бэн Эмэрсан заявіў судовай калегіі, што Масква «гадамі выношвала пляны» па захопу грузінскіх тэрыторый. Паводле яго, задача стаяла «захапіць як мага больш земляў».
Па словах Эмэрсана, расейскія войскі ўрываліся ў вёскі, населеныя этнічнымі грузінамі, нягледзячы на перамір’е. Пасьля таго, як усе ўезды і выезды блякаваліся, асэтынскія сілы і іншыя нерэгулярныя войскі спальвалі цэлыя грузінскія вёскі. Паводле яго, нязгодных або каралі сьмерцю на месцы, або пагражалі расправай, калі тыя не прыбяруцца.
Прадстаўнікі Расеі падчас слуханьняў назвалі гэтыя абвінавачаньні беспадстаўнымі.
Кіраўніцтва Расеі: Эўрапейскі суд перадузяты і палітызаваны
Пазоў у міжнародны суд у Страсбуры Грузія падала на наступны дзень пасьля завяршэньня ваенных дзеяньняў.
Паводле інфармацыі міжнародных назіральнікаў, падчас ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў жніўні 2008 году з абодвух бакоў загінулі каля 850 чалавек — вайскоўцы і цывільныя грамадзяне.
Масква неаднаразова заяўляла аб перадузятасьці і палітызаванасьці суду. У разьвязваньні баявых дзеяньняў Расея абвінавачвае былога грузінскага лідэра Міхеіла Саакашвілі.
Абвяшчэньне прысуду чакаецца ўжо сёлета. У 2015 годзе прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб тым, што Расея праігнаруе рашэньне Страсбурскага суду, калі яно ўвойдзе ў супярэчнасьць з Канстытуцыяй краіны.