Аляксандар Лукашэнка ўключыў у бязьвізавыя зоны Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідзкі і Шчучынскі раёны. Такім чынам, зоны для бязьвізавага наведваньня на Берасьцейшчыне і Горадзеншчыне абʼядналі ў адну, піша прэс-служба Лукашэнкі.
Абноўлена: Указ быў апублікаваны 9 жніўня. Зьмены набудуць моц праз тры месяцы — пасьля 9 лістапада.
Чаму мы пра гэта пішам?
Раней пра падпісаньне Лукашэнкам указу пра пашырэньне бязьвізу казаў прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас. Як пашыраюцца зоны і калі рашэньне набудзе моц, не паведамлялася.
Што ў дакумэнце?
- У абʼяднаную бязьвізавую тэрыторыю «Берасьце-Горадня» ўключылі Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідзкі і Шчучынскі раёны.
- Цяпер у зоне «Берасьце-Горадня» замежнікі змогуць знаходзіцца бязь візы 15 сутак.
- Дадалі два дадатковыя памежныя пункты, праз якія замежнікі могуць уехаць у Беларусь: Беняконі і Бераставіца.
- Указ набудзе моц праз тры месяцы пасьля афіцыйнай публікацыі. На момант публікацыі дакумэнт не апублікавалі.
Раней старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў прапаноўваў пашырыць бязьвізавую тэрыторыю на тры новыя раёны: Воранаўскі, Лідзкі і Шчучынскі. Таксама гучала прапанова пашырыць тэрмін знаходжаньня там турыстаў да аднаго месяца.
Міністэрства спорту і турызму выказвалася за аб’яднаньне Берасьцейскай і Горадзенскай бязьвізавых зон у адну. Маўляў гэта зробіць наведваньне больш зручным для замежных турыстаў і паспрыяе павелічэньню іх колькасьці.
Што важна ведаць пра беларускі «бязьвіз»
Бязьвізавы ўезд у Беларусь дзейнічае зь лютага 2017 году:
- пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт «Менск»;
- для наведнікаў бязьвізавай зоны «Берасьце – Горадня».
Колькі дзён можна знаходзіцца ў Беларусі бязь візы?
- Да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету адтуль жа;
- Да 15 дзён для турыстаў бязьвізавай зоны «Берасьце — Горадня».
«Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.
Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 10 працоўных дзён, трэба рэгістравацца ў органе рэгістрацыі (МЗС, або органе ўнутраных спраў) па месцы пражываньня. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня, са студзеня 2019 году можна таксама бясплатна зарэгістравацца праз інтэрнэт.