Калі колькасьць заяваў на прытулак з краін, для якіх дзейнічае бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам, будзе па-ранейшаму расьці, варта чакаць мер процідзеяньня, папярэдзілі ў Эўракамісіі. Пра гэта паведамляе Нямецкая хваля.
Калі працэс будзе працягвацца, ЭЗ можа прыпыніць бязьвіз для асобных краін, заявіў камісар ЭЗ па міграцыі і ўнутраных справах Дзімітрыс Аўрамопулас у інтэрвію газэтам групы Funke, апублікаваным у панядзелак, 17 чэрвеня.
Па словах Аўрамопуласа, меры процідзеяньня могуць закрануць краіны Заходніх Балканаў і Лацінскай Амэрыкі.
«Наша пасланьне дзяржавам, грамадзяне якіх маюць права ўяжджаць у ЭЗ бязь візаў, яснае: ахоўваць гэты прывілей — ваша адказнасьць», — падкрэсьліў эўракамісар.
Між тым, колькасьць нелегальных саіскальнікаў прытулку ў ЭЗ у цэлым зьменшылася да ўзроўня 2014 года да пачатку міграцыйнага крызісу. У першыя месяцы 2019 года яна працягвала падаць і дасягнула 32 400 чалавек, зьменшыўшыся на 31 працэнт у параўнаньні з тым жа пэрыядам папярэдняга года.