Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два гады «бязьвізам» з Эўразьвязам скарысталіся 3 мільёны ўкраінцаў


Тры мільёны грамадзян Украіны скарысталіся бязьвізавым рэжымам выезду ў Эўразьвяз з 11 чэрвеня 2017 году, калі гэты рэжым пачаў дзейнічаць, паведаміла Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.

Усяго ж з гэтага часу 9 млн 200 тысяч грамадзян Украіны перасеклі мяжу зь біямэтрычнымі пашпартамі (9 млн такіх пашпартоў было аформлена за апошнія два гады).

За другі год дзеяньня бязьвізавага рэжыму было зафіксавана 2 млн 350 тыс. бязьвізавых паездак украінцаў: гэта ў 4,2 раза больш, чым за першы год, калі «бязьвізам» скарысталіся толькі 560 тыс. чалавек. Тады памежнікі адзначалі, што ў першыя месяцы дзеяньня бязьвізавага рэжыму з ЭЗ быў ажыятаж сярод ахвочых падарожнічаць: у сярэднім памежнікі афармлялі да 80 тысяч украінцаў за месяц. Потым гэты паказчык зьнізіўся да 32,5 тысячы чалавек за месяц, але ў 2018 годзе зноў вырас.

Абяцаньне бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам было адным з галоўных, якое зрабіў пасьля Майдану 2014 году прэзыдэнт Пятро Парашэнка. 11 траўня 2017 году Рада Эўрапейскага Зьвязу прыняла рашэньне аб адмене візаў для кароткатэрміновых паездак для грамадзян Украіны, а празь месяц, 11 чэрвеня, «бязьвіз» афіцыйна запрацаваў.

З тых часоў украінцы — уладальнікі біямэтрычных пашпартоў могуць бязь візаў езьдзіць у 30 краін Эўропы, акрамя Вялікай Брытаніі і Ірляндыі, а таксама ў Ісьляндыю, Ліхтэнштайн, Нарвэгію і Швайцарыю, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону, але не зьяўляюцца чальцамі ЭЗ. Там яны могуць знаходзіцца на працягу 90 дзён з турыстычнымі ды іншымі мэтамі кожныя паўгода, але ня маюць права працаваць (для гэтага трэба атрымліваць асобны дазвол).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG