Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі адбудуцца зьмены? Потым. Калі-небудзь. Не цяпер


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ну вось — пачатак выбарчай кампаніі. Пакуль не сустрэў ніводнага чалавека, які б ставіўся да яе сур’ёзна альбо ўскладаў нейкія надзеі на перамены. За выключэньнем саміх дзейных дэпутатаў. У іхным асяродзьдзі — так, нэрвовасьць і напружанасьць панавалі ўжо некалькі месяцаў. Галоўнае пытаньне: каму дазволяць сядзець у дэпутацкім крэсьле і далей, а каго вернуць туды, адкуль яго ў дэпутаты залічылі.

Але і гэты асяродак апошнім часам неяк паспакайнеў: напэўна, сьпісы ўжо складзеныя і ўзгодненыя, і дзяліць больш няма чаго. Празь некалькі тыдняў, калі сьпіс вылучэнцаў ад улады зьявіцца ў друку, вынікі «выбараў», па сутнасьці, можна будзе лічыць вядомымі.

«Нам цяпер не да рэфэрэндумаў»

Вядома, ніхто не абяцаў, што беларусам раптам ні з таго ні зь сяго вернуць сапраўдныя выбары, рэальную палітычную канкурэнцыю і сучасны парлямэнт, дзе будуць дыскусіі і спрэчкі, а ня толькі маўклівае галасаваньне «за». Але ж цьмяныя намёкі — былі.

Калі 1 сакавіка падчас «Вялікай размовы» я задаў Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра тое, ці задумваецца ён пра транзыт улады і ці не апасаецца пакідаць у спадчыну такую палітычную сыстэму, якую сам пад сябе выбудаваў, то ў адказе якраз прагучала, што канстытуцыйныя зьмены рыхтуюцца:

«Я даручэньне зрабіў, але ня ведаю, як яно выконваецца. Упэўнены, што судзьдзі Канстытуцыйнага суду — вельмі адказныя людзі, і яны над гэтым працуюць. Але пакуль мне нічога не прапанавалі, думаю, бліжэйшым часам што-небудзь прапануюць».

Потым ён, здаецца, сам спалохаўся сваіх папярэдніх заяў і абяцаньняў, бо ўжо 24 красавіка, у штогадовым пасланьні, згадка пра магчымы рэфэрэндум гучала з раздражненьнем і сарказмам:

«Нам цяпер не да рэфэрэндумаў, нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, беспарадкавай, небясьпечнай сытуацыі ў сьвеце выстаяць. Нам не да таго, каб муць падняць у краіне».

«Трэба спыніць гэтую валтузьню пра рэфэрэндум і заўтрашнія зьмены ў Канстытуцыі. Я вельмі пэўна пра гэта сказаў. Мой пункт гледжаньня заключаецца ў тым, што на сустрэчы з судзейскім корпусам мы гаварылі, што прыйдзем да рашэньня гэтага пытаньня з часам. Канстытуцыя, як і любы іншы закон, будзе ўдасканальвацца. Жыцьцё мяняецца, мы мяняемся. І законы павінны мяняцца».

31 траўня — сустрэча Лукашэнкі з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных краін. Зноў згадка пра зьмены ў Канстытуцыю — гэтым разам ужо без нэгатыўных эмоцый:

«Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спэцыялістаў Канстытуцыйнага суду, каб яны ўнесьлі свае прапановы для магчымага ўдасканаленьня нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».

Заўважце, тройчы Лукашэнка спаслаўся на тое, што чакае прапаноў ад канстытуцыйных судзьдзяў. І што ў выніку? Ці то ў гэтых судзьдзяў не знайшлося ніякіх ідэй, ці яны праігнаравалі распараджэньне прэзыдэнта, ці сам прэзыдэнт за прамінулы час ня выявіў да гэтай тэмы ніякага інтарэсу — але, як прагучала з вуснаў Лідзіі Ярмошынай 4 жніўня ў эфіры АНТ, «што датычыць канстытуцыйных зьменаў, то наўрад ці яны чаканыя, бо ні ў Цэнтральнай камісіі, ні ў адносінах да іншых дзяржаўных органаў я ня бачыла, каб існавалі нейкія сфармуляваныя прапановы, якія б леглі ў падмурак канстытуцыйных пераўтварэньняў».

«Калі-небудзь. Ня ведаю калі»

А 6 жніўня ў інтэрвію Свабодзе, адразу пасьля першага пасьля абвяшчэньня выбараў паседжаньня ЦВК, тая ж Ярмошына прызналася:

«Буду шчырай: слова „рэфэрэндум“ з вуснаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на маёй сустрэчы зь ім наагул не прагучала». Пры гэтым, як выявілася, ужо нават Ярмошына ня супраць зьмены выбарчай сыстэмы і прыхільна адгукаецца пра выбары па партыйных сьпісах, да якіх у Беларусі пяройдуць, але — «калі-небудзь, праўда, ня ведаю калі»...

Дык калі можна чакаць зьменаў? «Потым»? «З часам»? «Некалі»? «Калі-небудзь»?

І ў прыватных размовах з чыноўнікамі, якія адважваюцца гаварыць на гэтую тэму, таксама гучыць падобнае: «Ну вы ж разумееце цяперашнюю сытуацыю. Мы пакуль не сасьпелі... Грамадзтва яшчэ не гатовае... Пры цяперашняй вонкавай сытуацыі... Пры такой пагрозе незалежнасьці і сувэрэнітэту...» Словам — потым. Калі-небудзь. Не цяпер.

Зусім верагодна, што яны агучваюць зусім не свае думкі. Што і сам ён у даверлівых размовах зь імі разважае падобным чынам. Вядома, некалі патрэбен будзе пераемнік... І 25 год пры ўладзе — гэта як бы ўжо і ня надта прыстойна... І народ, магчыма, ужо ня вельмі любіць... Ну, але, можа, неяк пазьней... Потым. Не цяпер.

А найлепш — ніколі. Удавалася ж апошнія чвэрць стагодзьдзя захоўваць усё па-старому, нічога па сутнасьці не мяняючы?

Але, як вядома, ніколі ня варта казаць «ніколі».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG