Пасьля выхаду сээрыялу «Чарнобыль» ад амэрыканскага тэлеканалу HBO гісторыяй гэтай катастрофы зацікавіліся ва ўсім сьвеце. Ва ўкраінскі горад Прыпяць у зоне адчужэньня турысты езьдзілі ўжо даўно. Цяпер яшчэ адным маршрутам, папулярным сярод іншаземцаў, становіцца Літва. Менавіта там, на Ігналінскай атамнай электрастанцыі, здымалі вялікую частку амэрыканскага сэрыялу.
На ўскраіну Вільні ў звычайны панэльны мікрараён, дзе дамы адрозьніваюцца адзін ад аднаго толькі нумарамі, прыяжджаюць турысты з усяго сьвету.
«Такое адчуваньне, быццам ты ўнутры адной са сцэн фільму. Усё такое сапраўднае, — кажа турыстка зь Вялікай Брытаніі Лін Адамс. — Я памятаю, я бачыла Чарнобыль у навінах, але па-сапраўднаму зацікавілася падзеямі пасьля сэрыялу. Мне здаецца, ён распаліў ува мне цікавасьць, пра якую я нават не падазравала».
Стваральнік сэрыялу Крэйг Мэйзін для аўтэнтычнасьці хацеў зьняць хоць бы некаторыя сцэны ў самой Прыпяці. Але горад-прывід, у якім ніхто не жыве вось ужо больш за 30 гадоў, стаў зусім да сябе не падобны — многае разбурылася і зарасло. А Літва — даволі папулярны кірунак для кінавытворчасьці. Толькі летась іншаземцы патрацілі на здымкі тут крыху больш за $ 50 млн.
І калі Прыпяць здымалі ў Вільні, то для маскоўскіх сцэн перакрылі цэнтар Коўна, другога па велічыні гораду Літвы.
«Людзі прыяжджаюць у Вільню, па-першае, таму, што тут зьнялі сэрыял, а па-другое, таму што іх цікавіць савецкая эстэтыка. Тут ёсьць такія месцы, якіх больш нідзе ў сьвеце ня знойдзеш», — лічыць турыстычны мэнэджэр Інга Раманаўскене.
Пасьля прагулкі па імправізаванай Прыпяці турысты спачатку ідуць у музэй КДБ, дзе здымалі сцэны допытаў, а потым садзяцца ў аўтобус і накіроўваюцца на паўночны ўсход. За 160 кілямэтраў ад Вільні разьмешчана Ігналінская АЭС — у сэрыяле яна грае ролю Чарнобыльскай.
Юргіта Норвайшэне, прэс-сакратар Ігналінскай АЭС, паказвае: «Тут у нас зона кіраваньня рэгулявальнымі стрыжнямі. Стрыжні былі зробленыя з карбіду бору. Калі націснуць на кнопку, можна ўбачыць, наколькі глыбока апусьціўся стрыжань».
Ігналінская атамная электрастанцыя падобная канструкцыяй на чарнобыльскую — у яе такі самы рэактар з вадзяным ахалоджваньнем. Цяпер АЭС не працуе: яе вывелі з эксплюатацыі 10 гадоў таму. Спыненьне Ігналіны было адной з умоваў уступленьня Літвы ў Эўразьвяз у 2004 годзе. Аднак усё абсталяваньне на станцыі сапраўднае, там да гэтага часу працуюць людзі. Цяпер яны прымаюць патокі турыстаў: толькі ў ліпені сёлета Ігналінскую АЭС наведалі больш за паўтары тысячы чалавек. Праўда, ня ўсе супрацоўнікі Ігналіны задаволеныя.
«Думаю, яны зьнялі добрае кіно. Але тое, што адбылося, даўно стала мінуўшчынай і не хвалюе нас цяпер. Як па мне, азірацца назад — гэта нядобра», — лічыць Міхаіл Няфёдаў, галоўны інжынэр Ігналінскай АЭС.
Але турыстычны паток ўжо не спыніць. Самы папулярны кірунак — гэта ўсё ж зона адчужэньня: туды кожную раніцу накіроўваецца некалькі турыстычных аўтобусаў. У праграме — закінутая «Прыпяць», накрыты саркафагам энэргаблёк і сувэніры са знакам радыяцыі.
Не адстае ад суседзяў і Беларусь. У красавіку ў Палескім запаведніку, арганізаваным на тэрыторыі найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў, таксама завялі турыстычныя маршруты.