Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды вырас турыстычны паток на ЧАЭС пасьля сэрыялу «Чарнобыль»? Правяраем


Ілюстрацыйнае фота. Турысты ў Чарнобыльскай зоне
Ілюстрацыйнае фота. Турысты ў Чарнобыльскай зоне

Летась Украіна адкрыла для турыстаў усе аб’екты Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Што праўда, на самой станцыі пазьбягаюць тэрміну «экскурсіі», называючы гэтыя турыстычныя туры «азнаямляльнымі візытамі».

Свабода высьвятляла: ці павялічылася цікаўнасьць турыстаў да Чарнобыльскай АЭС пасьля амэрыканска-брытанскага сэрыялу «Чарнобыль»?

Турыстычны паток на АЭС павялічыўся, але не істотна

​На Чарнобыльскай АЭС, у структурным падразьдзяленьні, якое займаецца арганізацыяй візытаў для ўкраінцаў і замежных грамадзян, сьцьвярджаюць, што цікаўнасьць да гэтага аб’екта мае сэзонны характар — вясной у красавіку, калі згадваюць пра чарговую гадавіну з дня аварыі, і цягам лета.

Ілюстрацыйнае фота. Турысты ў Чарнобыльскай зоне
Ілюстрацыйнае фота. Турысты ў Чарнобыльскай зоне

За першы год пасьля спрашчэньня для турыстаў парадку наведваньня станцыі яе пабачылі 3,7 тысячы грамадзян. З пачатку 2019-га Чарнобыль наведалі 1 тысяча 475 асобаў.

«Павелічэньне турыстычнага патоку сапраўды назіраецца, але не істотнае. Ці актывізаваў турыстаў сэрыял „Чарнобыль“, цяжка сказаць. Напрыклад, у красавіку ЧАЭС наведалі 775 турыстаў, у траўні — 371, у чэрвені — 452, ёсьць ужо некалькі заявак на ліпень. Беларусаў у групах амаль няма. У тым жа красавіку ў адной з груп было толькі два грамадзяніна Беларусі», — сказаў Свабодзе супрацоўнік падразьдзяленьня Чарнобыльскай АЭС.

Зона адчужэньня — першая па цікаўнасьці турыстаў

Іншая сытуацыя склалася з наведваньнем зоны адчужэньня вакол Чарнобыльскай АЭС.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонаю адчужэньня, з пачатку году гэтую тэрыторыю наведалі 2 тысячы 352 украінскія турысты (на 40 адсоткаў больш, чым у аналягічны пэрыяд 2018 году) і 9 тысяч 217 замежных грамадзян (на 91 адсотак больш, чым летась).

У траўні, пасьля выхаду сэрыялу «Чарнобыль», колькасьць наведнікаў чарнобыльскай зоны павялічылася на 37 адсоткаў — да 12 591.

Папулярнасьцю сэрыялу скарысталіся турагенцтвы

Турыстычныя кампаніі з гатоўнасьцю адказалі на «чарнобыльскі» бум.

Улічваючы попыт, кампанія «Чарнобыль.Тур» — нацыянальны правайдэр экскурсій у чарнобыльскую зону — нават распрацавала адмысловы маршрут: «Тур паводле сэрыялу „CHERNOBYL“ НВО».

Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»
Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»

У яго ўключылі тыя лякацыі, якія ў фільме сталі асноўнымі месцамі падзеяў:

  • бункер Чарнобыльскай АЭС, дзе ў першыя гадзіны і дні пасьля выбуху на чацьвёртым энэргаблёку быў штаб. Тут зьбіралася ўся інфармацыя і перадавалася ў Маскву;
  • пажарную частку, супрацоўнікі якой першымі выехалі тушыць пажар;
  • мэдычна-санітарную частку гораду Прыпяці, куды звозілі першых пацярпелых і ў склепе якой дагэтуль знаходзіцца радыяцыйна забруджанае адзеньне першых ліквідатараў;
  • легендарны Прыпяцкі мост, зь якога, паводле сэрыялу, жыхары Прыпяці назіралі за пажарам. Што праўда, відавочцы сьцьвярджаюць, што гэта цалкам выдуманая сцэна — насамрэч у тую трагічную ноч на гэтым месцы не было ніводнага мясцовага жыхара.

Аднак турысты могуць пабачыць гэтыя аб’екты толькі звонку — спэцыялісты забараняюць іх наведваць, бо, па-першае, там дагэтуль застаецца высокі радыяцыйны фон, а па-другое, большасьць з гэтых будынкаў можа абваліцца.

Кошт такога туру для грамадзяніна Ўкраіны — 140 даляраў, а для іншаземцаў — 185 даляраў. У гэтую суму ўключана афармленьне ўсіх неабходных дакумэнтаў для наведваньня, страхоўка, трансфэр і суправаджэньне прафэсійных гідаў. Дадаткова, за 10 даляраў, рэкамэндуюць замовіць дазымэтар на дзень экскурсіі.​

Якія аб’екты адкрытыя для турыстаў

Наведаць Чарнобыльскую АЭС і зону адчужэньня можна і самастойна, атрымаўшы адпаведны дазвол Цэнтру арганізацыйна-тэхнічнага і інфармацыйнага мэнэджмэнту кіраваньня зонаю адчужэньня.

Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонаю адчужэньня афіцыйна зацьвердзіла 15 маршрутаў — як усярэдзіне станцыі, так і навокал яе. Але турысты павінны выконваць усе патрабаваньні радыяцыйнай бясьпекі.

Наведваньне рэжымных аб’ектаў дазваляецца людзям узростам ад 18 гадоў, і можа быць забаронена ў выпадку паведамленьня праваахоўных органаў аб датычнасьці заяўніка да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG