Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Вільні здаюць кватэру, інтэр’ер якой натхнёны сэрыялам «Чарнобыль»


Вільня - мікрараён Фабіёнішкес
Вільня - мікрараён Фабіёнішкес

Амэрыканска-брытанскі сэрыял «Чарнобыль», які выклікаў у сьвеце хвалю зацікаўленьня да трагічных падзеяў на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, здымаўся пераважна ў Літве. І калі эпізоды ў самой ЧАЭС здымаліся на Ігналінскай АЭС, то кадры з эвакуацыяй людзей з Прыпяці здымаліся ў адным з спальных раёнаў Вільні — Фабіёнішкес.

Гэты факт сёлета паспрыяў павялічэньню колькасьці турыстаў у Вільні, якія прыяжджаюць у тым ліку і з мэтай паглядзець на «Прыпяць з сэрыялу», паведамляе партал delfi.lt/

Такі попыт спарадзіў прапанову, і маладая пара зь Вільні, Раса Яніна Юсёніце і Лінас Марцішаўскас, вырашалі скарыстаць гэтую нагоду — яны здаюць кватэру, цалкам абстаўленую як тыповая кватэра ў позьнім Савецкім Саюзе, і за 60 эўра прапануюць гасьцям літоўскай сталіцы апынуцца ў канцы мінулага стагодзьдзя.

Сэрыял падказаў ідэю

Лінас, які сам з прычыны працы ня так часта бывае ў Вільні, вырашыў здаваць кватэру, якая належала яго бацькам, яшчэ да зьяўленьня сэрыялу «Чарнобыль». Але менавіта сэрыял і выкліканая ім рэакцыя, прывялі да таго, што ў Лінаса нарадзілася ідэя абставіць інтэр’ер у позьнесавецкім антуражы.

Тады Лінас і яго дзяўчына пачалі шукаць характэрныя рэчы таго часу — першымі ў кватэры зьявіліся сэрвізы ды вазы, але потым да іх далучылася і лядоўня «Мінск» 1986 году. Паводле Лінаса, лядоўня працуе дастаткова добра, хіба што выдае гук, падобны на вуркатаньне ката. Цяпер увесь інтэр’ер кватэры складаецца з савецкай мэблі ды тэхнікі.

Катлеты, кампот і дазімэтар

Але ня толькі турысты арандуюць гэтую кватэру — дастаткова часта гэта робяць і гіды. Лінас кажа, што прыходзіла да іх і гід, якая праводзіць для амэрыканцаў экскурсы па горадзе. У гэтай кватэры турысты могуць пабачыць аўтэнтычны быт савецкіх часоў ды паслухаць, як гід расказвае пра гісторыю мікрараёну.

Зьвярталася да іх і адно агенцтва, якое хацела праводзіць у гэтай кватэры сэансы агульнага прагляду сэрыялу — пад катлеты, кампот ды іншыя харчовыя атрыбуты таго часу.

Нягледзячы на адносны посьпех ідэі кватэры савецкага пэрыяду, пара не зьбіраецца на гэтым спыняцца. Цяпер яны ставяць сабе новую мэту — знайсьці прыладу для вымярэньня радыяцыі, падобную да той, што была паказаная ў сэрыяле.

Падрыхтаваў Ян Поклад

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG