Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Нямеччыны адмовілася завесьці справу супраць нямецкага палітыка, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў


Ёрг Дорнаў
Ёрг Дорнаў

Пракуратура Ляйпцыгу адмовілася распачынаць крымінальную справу ў дачыненьні да дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнау, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў.

Рашэньне было прынятае на юрыдычных падставах, бо «не было ўстаноўлена дастатковых падставаў для падазрэньня ва ўчыненьні злачынстваў, якія маглі б перасьледавацца ў Нямеччыне», гаворыцца ў прэсавым рэлізе пракуратуры.

Дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў абвінавачваўся ў тым, што выкарыстоўвае працу беларускіх палітвязьняў на сваёй цыбульнай фэрме «Цыбулька-Бел» у Беларусі.

Пракуратура Ляйпцыгу адзначыла, што справу паводле артыкулаў аб прымусовай працы і эксплюатацыі працоўных рэсурсаў можна было б распачаць, калі б дзеяньні падазраванага падлягалі крымінальнай адказнасьці ў краіне іх учыненьня.

«Нават калі меркаваць, што апісаныя абставіны маглі б разглядацца як эксплюатацыя працоўных рэсурсаў паводле арт. 233 КК Нямеччыны, у Беларусі гэтае злачынства магчыма толькі пры наяўнасьці прымусовай працы. Паколькі такіх дадзеных няма, абвінавачаны ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці ў Нямеччыне нават пры наяўнасьці нямецкага грамадзянства», — заяўляе пракуратура.

Пракуратура спасылаецца на словы зьняволенага, які працаваў на фэрме Дорнаў, які прызнае, што праца не была прымусовай, апісвае ўмовы ў папраўчай установе як катаваньні і заяўляе, што палічыў за лепшае працаваць на фэрме, бо ўмовы там былі лепшыя, чым у турме.

  • 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG