Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў праграме «Контуры» на тэлеканале ОНТ назвала магчымую дату выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — 30 жніўня 2020 году, паведамляе БЕЛТА.
Кажучы пра аптымальны час правядзеньня выбараў кіраўніка дзяржавы, старшыня ЦВК адзначыла, што гэта раньняя вясна. «Але ў нас толькі выбары пройдуць у лістападзе, а ў сьнежні мы толькі сфармуем парлямэнт, — канстатавала яна. — Таму праз тры месяцы — гэта значыць трэба адразу прызначаць прэзыдэнцкія выбары. А для чаго мы тады пераносілі гэтыя?».
«Думаю, што прэзыдэнцкая кампанія хутчэй за ўсё пройдзе ў той тэрмін, які вызначаны Канстытуцыяй. Апошняя магчымая нядзеля — 30 жніўня 2020 году. Думаю, што гэта зь вялікай верагоднасьцю і ёсьць дата выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», — сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, з аднаго боку яшчэ будзе лета, але зь іншага — 30 жніўня — гэта час, калі большасьць грамадзян вяртаюцца з адпачынкаў, прынамсі людзі, у якіх ёсьць дзеці, зьяжджаюцца студэнты. Таму ў асноўным насельніцтва ў большай частцы будзе знаходзіцца ў месцы сваёй рэгістрацыі.
30 жніўня — раней гэта быў дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, але ў 2010 годзе ён яго памяняў на 31 жніўня, дзень нараджэньня сына Мікалая. У 2020 годзе кіраўніку Беларусі споўніцца 66 гадоў.
«Але гэта пакуль толькі здагадка», — заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркаму. Як паведамлялася, у пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2019 годзе ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, як і плянавалася, пройдуць у 2020 годзе. Чакаецца, што выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.
Аляксандар Лукашэнка кіруе краінай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары(2001, 2016, 2010, 2015), за выключэньнем выбараў 1994, на якіх упершыню яго абралі прэзыдэнтам, не былі прызнаныя справядлівымі.