Дзьве выбарчыя кампаніі разводзяцца ў часе таму, што адначасовае правядзеньне выбараў парлямэнту і прэзыдэнта ставіць гэтыя два інстытуты ў вачах электарату на адну дошку, нібы ўраўноўвае іх статус. Што для Лукашэнкі непрымальна, выглядае як прыніжэньне.
Сьцісла
- Лукашэнка працяглы час не хацеў прымаць Ярмошыну, таму апошняя была вымушаная даносіць сваю пазыцыю да кіраўніка дзяржавы праз мэдыі.
- Пацьверджана, што парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары разьвядуць у часе.
- Улады ня хочуць палітызаваць прэзыдэнцкія выбары і ўраўноўваць іх з парлямэнцкімі.
- Прызначэньне выбараў Нацыянальнага сходу на лістапад азначае парушэньне Канстытуцыі, скарачэньне тэрміну яго працы амаль на 10 месяцаў.
- Каб вярнуць давер да ўлады, Лукашэнка даручыў падвысіць перад выбарамі заробкі.
Галоўная палітычная навіна дня: нарэшце Аляксандар Лукашэнка прыняў Лідзію Ярмошыну. Каля двух гадоў ён яе ігнараваў. Нават на нараду 17 траўня, адмыслова прысьвечаную правядзеньню выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, старшыню ЦВК не запрасілі. Сытуацыя выглядала настолькі незвычайна, што Ярмошына вымушаная была даносіць сваю пазыцыю да кіраўніка дзяржавы праз мэдыі. Так, 22 лютага ў ходзе онлайн-трансьляцыі, якую вёў Нацыянальны прэс-цэнтар, старшыня ЦВК, разважаючы наконт даты выбараў, прамовіла шматзначную фразу: «Калі б у мяне спыталі, я б пазначыла дату: нядзеля 1 сьнежня». У гэтых словах «калі б у мяне спыталі» прарвалася міжвольная крыўда на незапатрабаванасьць, недаацэненасьць 23-гадовай службы Лукашэнку «верай і праўдай». Як відаць, у яе не спыталі.
Далей — яшчэ цікавей. Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем 19 красавіка, назваў верагодную дату парлямэнцкіх выбараў — 7 лістапада 2019 году. І што вы думаеце? У гэта цяжка паверыць, але Лідзія Ярмошына адважылася аспрэчыць пазыцыю кіраўніка дзяржавы. 21 красавіка, выступаючы на тэлеканале СТБ, яна прапанавала дату 17 лістапада (гэтую ж дату яна прапанавала і цяпер). Лукашэнка 30 ліпеня нават мякка папракнуў старшыню ЦВК: «Першае пытаньне, якое ў грамадзтве пастаянна абмяркоўваецца (і Лідзію Міхайлаўну ўцягваюць у абмеркаваньне гэтых пытаньняў), — тэрміны правядзеньня нашых парлямэнцкіх выбараў». А што заставалася рабіць Ярмошынай, калі кіраўнік дзяржавы яе ігнараваў, як толькі спрабаваць дастукацца да яго праз СМІ? Можна меркаваць, што апала (ці, можа дакладней, дэманстрацыйны ігнор) нарэшце скончылася.
Калі казаць пра рэальны зьмест сустрэчы Лукашэнкі зь Ярмошынай, то было яшчэ раз пацьверджана, што парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары разьвядуць у часе. Хоць з гледзішча эканоміі бюджэтных грошай выгадней было б іх правесьці адначасова. Аднак палітычная мэтазгоднасьць аказалася мацнейшая за фінансавы чыньнік.
Сэнс разьвядзеньня ў часе дзьвюх выбарчых кампаній ня раз тлумачыла тая ж Ярмошына. Маўляў, не хацелася б моцнай палітызацыі грамадзтва, якое магчымае пры адначасовым правядзеньні выбараў прэзыдэнта і парлямэнту. Для вонкавага назіральніка такая пастаноўка пытаньня выглядае дзіўна. Ва ўсім сьвеце выбары — гэта самая што ні ёсьць палітычная рэч. Выбары без палітызацыі — гэта нонсэнс. Чаму гэтага трэба асьцерагацца? Гэта ж найвышэйшая форма праяўленьня грамадзянскай актыўнасьці людзей. Але ў Беларусі свая спэцыфіка. Тут выбарчыя кампаніі праходзяць фактычна па-за палітычнай плашчынёй.
Зразумела, улады ня хочуць дадатковай палітызацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта яны найперш цікавяць Лукашэнку. Магчыма, у такім разьвядзеньні дзьвюх выбарчых кампаній існуе яшчэ адзін важны чыньнік. Адначасовае правядзеньне выбараў парлямэнту і прэзыдэнта ставіць гэтыя два інстытуты ў вачах электарату на адну дошку, нібы ўраўноўвае іх статус. Што для Лукашэнкі непрымальна, выглядае як прыніжэньне.
Таму ўлады пайшлі на парушэньне Канстытуцыі, скараціўшы тэрмін працы Нацыянальнага сходу амаль на 10 месяцаў. Чуткі пра рэфэрэндум, які ўлады нібыта зьбіраюцца правесьці восеньню адначасова з выбарамі, пакуль не пацьвярджаюцца.
Што тычыцца дакладнай даты выбараў, то тут рознагалосьсі ў Лукашэнкі зь Ярмошынай тлумачыцца тым, што яны глядзяць на сытуацыю з рознага гледзішча. У кіраўніка дзяржавы падыход да даты палітыка-ідэалягічны. Ён чамусьці лічыць, што дата 7 лістапада (Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі) у беларускім грамадзтве ўсё яшчэ атаясамліваецца з савецкім ладам. І гэта, на ягоную думку, дадае пазытыву і выступае дадатковым чыньнікам падтрымкі ўлады, якая абвяшчае сябе спадкаемцам СССР.
У Ярмошынай жа падыход чыста практычны. Яна кажа: «7 лістапада — гэта чацьвер, таму ў нас 7, 8, 9, 10-га — гэта непрацоўныя дні». А 17 лістапада — нядзеля, 16 лістапада — якраз працоўная субота, гэта не закране нічыіх плянаў, ні вакацыйных, ні адпускных.
29 ліпеня, прызначаючы кіраўнікоў вэртыкалі, Лукашэнка таксама закрануў тэму выбараў. Там было некалькі тэзаў. Ён прызнаў, што давер насельніцтва да ўлады нізкі: «Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не бяз крытыкі, хапае крытыкі».
Што рабіць, як вярнуць давер? Адказ немудрагелісты: трэба падвысіць заробкі. Аднак грошай на гэта ў дзяржавы няма. Таму заробкі варта падвысіць зусім няшмат, хутчэй сымбалічна. «Паспрабуйце зрабіць усё, каб гэтая заработная плата была калі ня годная (усюды гэтага ня зробіш), то памяркоўная, каб людзі разумелі, што сёньня ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшая. Абавязкова гэты прырост павінен быць», — казаў Лукашэнка. То бок — няхай людзі думаюць, што яна будзе расьці і пасьля выбараў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.