Амаль чатыры гадзіны супрацоўнікі віцебскага АМАПу вялі перамовы з мужчынам, які зьбіраўся зьвесьці рахункі зь жыцьцём, паведаміла прэс-служба МУС у «Телеграме», перадае Белапан.
Інфармацыя ў міліцыю паступіла 3 жніўня на лінію 102. Відавочцы паведамілі, што на 9-м паверсе ў доме на праспэкце Люднікава ў аконным праёме балянсуе мужчына. На месца інцыдэнту былі накіраваныя бліжэйшыя нарады міліцыі і МНС, а таксама брыгада хуткай дапамогі.
55-гадовы мужчына пагражаў учыніць суіцыд, маючы намер скокнуць з акна пад’езда шматпавярховіка.
«Супрацоўнікі АМАПа пачалі гутарыць зь ім, спрабуючы адгаварыць ад непапраўнага кроку. Гэтыя перамовы занялі без малога чатыры гадзіны. За гэты час жыхар Віцебска распавёў ім пра сябе, пра тое, што выпадкова зайшоў у гэты падʼезд, але так і не назваў прычыну, якая штурхнула яго на такі ўчынак », — гаворыцца ў паведамленьні.
Угаварыўшы мужчыну спусьціцца, амапаўцы перадалі яго мэдыкам для аказаньня псыхалягічнай дапамогі. Ён быў цьвярозы.