У цэнтры Масквы прайшлі жорсткія затрыманьня гараджанаў, якія пратэстуюць супраць зьняцьця з выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу больш чым дваццаці незалежных кандыдатаў.
На дадзены момант, па дадзеных «ОВД-Инфо», затрыманыя больш за тысячу чалавек. Гэта нашмат больш, чым было затрымана ў чэрвені 2019 году ў Маскве на маршы ў падтрымку журналіста Івана Галунова (423 чалавек), і больш, чым паліцыя адвезла ў пастарункі пасьля «Маршу мільёнаў» у 2012 годзе (400 чалавек).
Раней рэкардсмэнам па затрыманьнях у Маскве была антыпуцінская акцыя «Ён нам ня цар»: тады ў сталіцы Расеі было затрымана больш за 700 чалавек, а па ўсёй Расеі — больш за 1600. Цяпер гэты «рэкорд» пабіты, нават калі частку затрыманых адпусьцяць з аддзяленьняў без складаньня пратаколаў.
Руская Свабода і Настоящее время вядуць жывыя трансьляцыі з акцыі.
27 ліпеня пачынаючы з 14.00 у цэнтры Масквы больш за дзясятак апазыцыйных і незалежных палітыкаў, якіх Масгарвыканкам не дапусьціў да выбараў у Масгардуму, зьбіраліся правесьці масавую сустрэчу з выбаршчыкамі ля будынку мэрыі на Цьвярской вуліцы. Зрабіць гэта ім не ўдалося: паліцыя спачатку затрымала саміх палітыкаў, а потым жорстка затрымлівала ўсіх, хто прыйшоў на акцыю.
Спачатку пратэстоўцы зьбіраліся на Цьвярской вуліцы, але адтуль іх выцесьнілі сілавікі ў прылеглыя да Цьвярской завулкі. Пратэсты перамясьціліся на Арбат і на Садовае кальцо.
Увечары людзі перайшлі на Трубную плошчу, дзе анансавалі сустрэчу Любоў Собаль, Ільля Яшын і іншыя кандыдаты ў дэпутаты. Там зьбіцьцё было асабліва жорсткім.
Юрыст Алена Лук’янава ў размове з Настоящим Временем падкрэсьліла, што дзеяньні паліцыі ў суботу ў Маскве былі «правакацыйнымі», а ўзровень гвалту з боку сілавікоў быў незвычайна высокім і нагадваў дзеяньні паліцыі падчас пратэстаў на Балотнай ў 2012 годзе.
Выдавец «Медиазоны» Пётар Вярзілаў таксама параўноўвае затрыманьні ў Маскве з акцыямі на Балотнай плошчы, адзначаючы, што яны былі такімі ж жорсткімі.