У той час, як у Маскве паліцыя жорстка разганяла ўдзельнікаў акцыі «За сумленныя выбары», прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін апускаўся ў батыскафе на дно Фінскай затокі.
Апусканьне, як паведаміў Крэмль, праходзіла на апараце C-Explorer 3 у раёне, дзе ў 1942 годзе затанула савецкая падводная лодка ІЦ-308 «Сёмга».
На месцы гібелі падлодкі ў прысутнасьці расейскага прэзыдэнта адзін з вадалазаў усталяваў памятную шыльду, пасьля чаго было прыглушанае сьвятло і ўдзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць загінулых падводнікаў хвілінай маўчаньня, перадае ТАСС.
Пуцін распавёў, што апускаецца ў ваду не ўпершыню, але «уражаньні, я б сказаў, яркія» — «не ад гэтага пагружэньня, уражаньні, хутчэй, ад аб’екту, які мы бачылі (падлодка ІЦ-308)», — цытуе прэзыдэнта РФ ТАСС. Глыбіня апусканьня склала каля 50 мэтраў.
У гэты час у Маскве менш чым за кілямэтар ад Крамля праходзіла акцыя пратэсту ў падтрымку незарэгістраваных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу. Акцыя не была ўзгоднена ўладамі і ў выніку была жорстка разагнаная АМАПам. Больш за 630 чалавек былі затрыманыя, некаторым спатрэбілася мэдычная дапамога.