Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запрасіў для галоўнага абвінавачанага ў забойстве бізнэсоўца Мяцельскага пажыцьцёвае зьняволеньне

абноўлена

Аляксей Сінькевіч — абвінавачаны ў забойстве бізнэсоўца
Аляксей Сінькевіч — абвінавачаны ў забойстве бізнэсоўца

У Менскім абласным судзе пачаліся спрэчкі ў справе аб забойстве бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага пад Бярэзаньню (Беразіно) ў верасьні 2016 году, паведамляе Tut.by.

На лаве падсудных 41-гадовы Аляксей Сінькевіч, якому выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве, вымаганьні, незаконных дзеяньнях са зброяй і падпале машыны бізнэсоўца. Другі фігурант справы — 29-гадовы Расьціслаў Сьветчыкаў, яго абвінавачваюць у вымаганьні.

«Іх віна цалкам даказаная. У судзе былі дэталёва дасьледаваныя абставіны забойства», — заявіў у пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Кісель.

Пракурор папрасіў прысудзіць Аляксею Сінькевічу пажыцьцёвае зняволеньне, а Расьціславу Сьветчыкаву — 24 гады зьняволеньня (з улікам раней прызначанага тэрміну за іншае злачынства). Сінькевіч і Сьветчыкаў ужо адбываюць пакараньне за забойства менскага мэнэджэра Андрэя Касяка. Іхныя прысуды — 23 і 24 гады зьняволеньня адпаведна. Сінькевіч не прызнаў сябе вінаватым у забойстве бізнэсоўца.

Суд таксама спытаў маці забітага бізнэсоўца, якога пакараньня яна просіць для абвінавачаных.

«Я страціла сына, дзеці страцілі бацьку. Самае высокае пакараньне прашу...» — заплакала Любоў Мяцельская. Яна заявіла да галоўнага фігуранта пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў 30 тысяч рублёў.

Сінькевіч у апошнім слове: «Я ніколі не быў у Беразіно!»

У апошнім слове галоўны фігурант у справе, былы старшы прапаршчык в/ч 3214 Аляксей Сінькевіч назваў справу сфабрыкаванай, паўтарыў, што не прызнае сваю віну, а абвінавачаньне яго як былога вайскоўца незаслужана кідае цень на калегаў па цэху, паведамляе Tut.by.

«У справе 25 тамоў. 22 тамы — відаць, што займаліся працай. Але яшчэ 2 тамы — стукачоў, інфарматараў і іншых зацікаўленых асобаў, якія даюць супярэчлівыя і нічым не пацьверджаныя паказаньні. Я ўвесь час прасіў прайсьці паліграф, заяўляю: я гатовы, я ня ведаў Касяка і Мяцельскага, я ніколі ня быў у Беразіно!» — сказаў Сінькевіч.

Ён заклікаў суд арганізаваць дарасьсьледаваньне справы і «знайсьці злачынца».

Другі абвінавачаны Расьціслаў Сьветчыкаў у апошнім слове папрасіў прабачэньня ў маці і сям’і Сяргея Мяцельскага і сказаў, што шкадуе, што не зьвярнуўся ў праваахоўныя органы адразу як даведаўся пра забойства.

Расьціслаў Сьветчыкаў
Расьціслаў Сьветчыкаў

«Тады не было б зьдзейсьнена другое злачынства, і быў бы жывы блізкі мне чалавек, мой былы працадаўца Андрэй Касяк», — дадаў Сьветчыкаў.

Прысуд абвесьцяць 26 ліпеня, у 11.30.

Што адбылося

26 верасьня 2016 году на аўтамабільнай разьвязцы пад Бярэзаньню згарэў дарагі аўтамабіль. У салёне знайшлі абгарэлае цела мясцовага бізнэсоўца Сяргея Мяцельскага з агнястрэльным раненьнем у галаву. Каб выйсьці на сьлед забойцы, затрымаць яго і сабраць доказы віны, сьледзтву спатрэбіліся два гады. У верасьні 2018 году Аляксей Сінькевіч напісаў яўку з павіннай.

Архіўнае фота СК зь месца здарэньня. 26 верасьня 2016 году
Архіўнае фота СК зь месца здарэньня. 26 верасьня 2016 году

Каго забілі

Сяргей Мяцельскі — бізнэсовец, былы супрацоўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

Сьледзтва вызначыла, што ў 2011 годзе расходы бізнэсоўца значна перавышалі афіцыйныя прыбыткі. Нібыта ён купляў нерухомасьць і пазычаў іншым людзям буйныя сумы грошай. Называюць нават суму ў 100 тысяч даляраў. Мяцельскі супрацоўнічаў зь фірмамі і арганізацыямі ў Расеі. Зь імі ж меў справы менскі мэнэджэр Андрэй Касяк, якога забілі праз паўтара месяца пасьля Мяцельскага.

Каго абвінавачваюць

Аляксей Сінькевіч «не адзін дзясятак гадоў служыў у спэцпадразьдзяленьні РБ, падрыхтаваны, валодае зброяй», — характарызуе абвінавачанага намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімер Ціхіня. Сінькевіча характарызуюць як дзёрзкага чалавека з прагай да лідэрства.

Расьціслаў Сьветчыкаў, паводле матэрыялаў сьледзтва, меў часовыя падпрацоўкі, займаўся спортам, працаваў кіроўцам мэнэджэра Андрэя Касяка.

Што вядома пра матыў злачынцаў

Сьветчыкаў у інтарэсах трэцяй асобы меўся спагнаць зь Мяцельскага пазыку ў 400 тысяч даляраў. Выканаўцам павінен быў быць Сінькевіч, але забойства Мяцельскага не плянавалася. Нібыта Сінькевіч выйшаў за межы дамоўленасьцяў. Таму Сьветчыкаў абвінавачваецца ў вымаганьні, а Сінькевіч — у забойстве, падпале машыны, вымаганьні і незаконных дзеяньнях са зброяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG