У Менскім абласным судзе працягваецца гучны працэс па справе аб забойстве бізнэсмэна зь Бярэзані Сяргея Мяцельскага.
Былы працадаўца Мяцельскага быў вінен расейскай кампаніі 15 мільёнаў рублёў
У судзе апыталі Алену Сьвірскую — уласьніцу фірмы «Беразіно прадукт», дзе за дырэктара быў раней Сяргей Мяцельскі. Пазьней яна папрасіла сабе адваката.
Паводле паказаньняў Сьвірскай у судзе, яна звольніла Мяцельскага ў 2014 годзе.
Фірма «Беразіно прадукт» належала кампаніі «Элма-Рос», сузаснавальніцай якой была Сьвірская. Паводле сьледзтва, у кампаніі ўтварыўся доўг у 15 мільёнаў 440 тысяч рублёў перад расейскім спажыўцом прадукцыі АТ «Малако». (Гэта якраз тыя 440 тысяч даляраў, якіх патрабавалі ад Мяцельскага. — РС).
Кампанія ў 2014 годзе была прададзеная, паведаміла Сьвірская. У судзе яна сказала, што на кампанію падавалі ў суд у Расеі за доўг перад кампаніяй АТ «Малако» і выніку заключылі міравое пагадненьне. Але, па яе словах, доўг так і ня быў сплачаны.
Пазьней іншая сьведка Тацьцяна Кірылкіна паведаміла, што кампанію прадалі ў 2016 годзе «расейскай фізычнай асобе». Яна заявіла, што доўг сфармаваўся, калі «Беразіно прадуктам» кіраваў Мяцельскі. Нібыта расейская кампанія «Малако» адгрузіла прадукцыю, якую не аплацілі, — сказала сьведка.
Пры чым тут забіты мэнэджэр Андрэй Касяк?
Адносна знаёмства з прадпрымальнікам Андрэем Касяком, які, паводле сьледзтва, таксама займаўся доўгам у 440 тысяч даляраў, Алена Сьвірская сказала, што ведала яго выключна як адмыслоўца ў продажы малочнай прадукцыі і ў адкрыцьці малочных заводаў у Расеі. Але пра забойства Сяргея Мяцельскага, як заявіла сьведка, яна з Андрэем Касяком ніколі не размаўляла.
Яе словы адразу абверг падсудны Расьціслаў Сьветчыкаў. Ён сьцьвярджае, што чуў, як Сьвірская і Касяк абмяркоўвалі доўг у 440 тысяч даляраў, размаўлялі на павышаных тонах.
Сьвірская назвала словы Сьветчыкава хлусьнёй.
Пракурор Вадзім Кісель зьвярнуў увагу, што паказаньні Сьвірскай на сьледзтве і сёньня ў судзе розьняцца. Сьвірская папрасіла дапамогі абаронцы.
Пазьней суд працягнуў апытваць Сьвірскую ў прысутнасьці адваката. Яна прызнала, што сустракалася з расейскім бізнэсоўцам Іванам Гарленкам, які паставіў пытаньне пра доўг Мяцельскага, казала яму, што ён «падставіў яе фірму». Таксама Сьвірская паведаміла суду, што «звольніла Мяцельскага, бо перастала яму давяраць, паколькі ён займаўся справамі фірмы толькі адну гадзіну і сыходзіў». Пры гэтым сьведка сказала, што грашовых прэтэнзій да Мяцельскага ня мела.
«Сын — гэта для мяне бясцэнна»
Раней у судзе былі апытаныя маці і жонка забітага Сяргея Мяцельскага. Маці Любоў Мяцельская распавяла, што ягоным апошнім месцам працы быў «Саюзхарчпрам». Пасьля заканчэньня вучобы 7 год служыў у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Потым працаваў у фірме «Беразіно прадукт», але звольніўся. «Сказаў, што там ня плацяць, як трэба».
Яна ня памятае, каб сын казаў ёй пра пагрозы ад некага. Яна сама ніколі ня бачыла Сінькевіча і Сьветчыкава і ня ведае, ці былі яны знаёмыя зь яе сынам.
Любоў Мяцельская зьбіраецца заявіць пазоў Аляксею Сінькевічу аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў сувязі з забойствам яе сына. З сумай пазову яшчэ ня вызначылася. «Як я магу гэта ацаніць? Сын для мяне — гэта бясцэнна».
«Амаль штодня езьдзіў зь Бярэзані ў Менск на працу»
Жонка Сяргея Мяцельскага Вольга прызнаная ў справе пацярпелай. У яе двое дзяцей.
Вольга распавяла, што офіс «Саюзхарчпраму», дзе Сяргей працаваў антыкрызісным упраўляючым, месьціўся ў Менску. Таму ён штодня езьдзіў туды на сваім аўто, толькі зрэдку заставаўся ў Менску начаваць на арандаванай кватэры. Выяжджаў з дому ў 7.15–7.20 раніцы, каб у 9.00 быць ужо на працы. Звычайна ехаў у Менск наўпрост на трасу. (На гэтай дарозе, каля разьвязкі з дарогай Р-67, ён быў забіты. — РС). Часам падвозіў знаёмых.
Напярэдадні забойства яна не заўважыла, каб у мужа быў дрэнны настрой. Таксама ён не казаў ёй пра тое, што вінен некаму вялікія грошы. «Наадварот, ён казаў, што яму шмат хто вінен».
Пасьля сьмерці мужа Вольга Мяцельская прайшла праз тры суды аб вяртаньні грошай, якія былі вінныя яе мужу. Усе працэсы яна выйграла, атрымала агулам 65 тысяч рублёў.
Яна кажа, што ня ведала абвінавачаных у працэсе Сінькевіча і Сьветчыкава, а таксама прадпрымальніка Андрэя Касяка. Грошы, якія былі ў кашальку мужа ў дзень сьмерці — гэта каля 400 рублёў і каля 800 даляраў, — ёй вярнуў сьледчы.
Што здарылася
26 верасьня 2016 году цела бізнэсмэна Сяргея Мяцельскага зь Бярэзані было знойдзена ў згарэлым аўтамабілі. Сьледзтва мяркуе, што ў ягоную машыну падсеў злачынца, які пазьней забіў яго стрэлам у галаву з абрэза і падпаліў машыну.
Паводле вэрсіі сьледзтва, мэнэджэр Менскага гармалзаводу № 2 Андрэй Касяк патрабаваў ад Мяцельскага вярнуць доўг у 440 тысяч даляраў. Дзеля гэтага ён зьвярнуўся да свайго кіроўцы Расьціслава Сьветчыкава, які падключыў да справы былога спэцназаўца Аляксея Сінькевіча. Намеру забіваць Мяцельскага адпачатку не было, і Сінькевіч зьдзейсьніў забойства самастойна. Праз паўтара месяца пасьля забойства Мяцельскага быў забіты і сам Андрэй Касяк. Вінаватымі ў яго забойстве прызналі Сьветчыкава і Сінькевіча, якія атрымалі 23 і 24 гады зьняволеньня адпаведна.
Справу разглядае Менскі абласны суд.