У Палтаве актывісты прымусілі гарадзкія ўлады адмовіцца ад плянаў будаўніцтва жыльлёва-забаўляльнага комплексу на месцы пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і масавых расстрэлаў у гады Другой усясьветнай вайны — у Пушкароўскім Яры. Палтаўскія актывісты праз Свабоду даюць парады беларускім абаронцам Курапатаў.
Расстрэльвалі і камуністы, і нацысты
Масавае пахаваньне было выяўлена ў 2017 годзе на тэрыторыі былых артылерыйскіх складоў, калі мясцовая арганізацыя водазабесьпячэньня пракладала траншэю для калектара. Мясцовыя жыхары апавядаюць, што кіроўца экскаватара, калі пабачыў вялікую колькасьць чалавечых парэшткаў, ад жаху ўцёк з гэтага месца. Тады экспэртыза вызначыла, што адзін зь дзесяці першых знойдзеных чарапоў належаў 13-гадовай дзяўчынцы.
Гэтая тэрыторыя знаходзіцца амаль у цэнтры Палтавы і мае гістарычную назву Пушкароўскі Яр. Паводле гісторыкаў, у 30-я гады мінулага стагодзьдзя сюды звозілі целы расстраляных НКВД і памерлых ад голаду ўкраінцаў, а ў гады Другой усясьветнай вайны нацысты расстрэльвалі тут габрэяў і ваеннапалонных — у Палтаве тады дзейнічалі два транзытныя і адзін стацыянарны канцлягеры.
Супрацоўнік НКВД за дзень расстраляў у Палтаве 400 грамадзян
Паводле папярэдніх ацэнак, тут расстралялі і пахавалі ня меней як 20 тысяч грамадзян. У прыватнасьці, дакумэнтальна пацьверджаны факт, што толькі ў часе палітычных рэпрэсій у 30-я гады НКВД даводзіла мясцовым «сьледчым» штомесяц знаходзіць 2,5 тысячы «ворагаў народу». Тут быў зарэгістраваны нават «рэкорд» — адзін супрацоўнік НКВД за адзін дзень расстраляў 400 грамадзян.
У лютым 2019 году дэпутаты Палтаўскай гарадзкой рады дазволілі распрацаваць праекты землеўпарадкаваньня на гэтай тэрыторыі, якія прадугледжвалі будаўніцтва жыльлёвага комплексу з гандлёва-забаўляльнай і рынкавай інфраструктурай. У красавіку тэрыторыю разьбілі на сем участкаў агульнай плошчай 10 гектараў і спрабавалі выставіць на продаж.
Але супраць гэтых плянаў паўстала грамадзкасьць — яны патрабавалі правесьці пошукава-дасьледчыя работы і стварыць на гэтым месцы мэмарыял.
Актывісты абʼядналіся, улада адступіла
Пад ціскам актывістаў, якія абʼядналіся ў грамадзкую арганізацыю «Пушкароўскі Яр», гарадзкая рада спыніла арганізацыю конкурсу на продаж гэтых зямельных участкаў.
Арганізацыю ўзначальвае Аляксандра Супражэнка; яна сьцьвярджае, што вярнулася ва Ўкраіну з Амэрыкі пасьля закліку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, агучанага ў часе інаўгурацыі.
Для яе Пушкароўскі Яр зьяўляецца асаблівым месцам — тут расстралялі яе бабулю і яшчэ шасьцёра сваякоў.
Неўзабаве ў Палтаве чакаюць пошукавую групу з Кіева — яна мае правесьці дасьледаваньні і вызначыць межы тэрыторыі масавых пахаваньняў. На падставе гэтага гарадзкія ўлады мусяць вызначыць плошчу, якой у далейшым нададуць статус зоны, што ахоўваецца дзяржавай.
«Мы вяртаем рашэньне гарадзкіх уладаў у прававое поле, бо заканадаўства Ўкраіны забараняе будаўніцтва на месцах масавых пахаваньняў. І мы не змагаемся супраць забудовы. Тут духоўныя рэчы, бо мы хочам зьберагчы і ўшанаваць гістарычную памяць і памяць бязьвінна забітых», — сказала Свабодзе Аляксандра Супражэнка.
Парады абаронцам Курапатаў
У адрозьненьне ад падзеяў у беларускіх Курапатах, абаронцам Пушкароўскага Яру не давялося прайсьці праз штрафы і пакараньні за сваю дзейнасьць.
«Як можа ўлада караць грамадзян за такія дзеяньні? Мы кантралюем уладу і ў нас ёсьць дыялёг з дэпутатамі гарадзкой рады. Большасьць зь іх падтрымліваюць нашу пазыцыю і разумеюць, што забудова ня проста зьдзек з гістарычнай памяці, а і з жыцьця, бо калі чалавак зьневажае сьмерць, то ён зьневажае і жыцьцё. А прадстаўнікі ўлады таксама людзі — звычайныя, а ня нейкія асаблівыя, і яны мусяць на сваіх пасадах адстойваць інтарэсы людзей. Мы ім пра гэта нагадваем, і некаторыя зь іх нас чуюць», — кажа Аляксандра.
Паводле яе, для адстойваньня гістарычнай памяці варта карыстацца і вонкавымі магчымасьцямі:
«Нам дапамагло тое, што мы пашырылі межы гэтага пытаньня зь мясцовага на міжнародны ўзровень. Бо немагчыма ў ХХІ стагодзьдзі, калі мы вызначаем будучыню нашай дзяржавы і грамадзтва, дазволіць будаўніцтва на парэштках людзей, забітых 70 гадоў таму. Трэба разумець, што няма глёбуса Беларусі ці глёбуса Ўкраіны асобна, усё ўзаемазьвязана. Міжнародная супольнасьць можа ўплываць на такія працэсы, і ёсьць міжнароднае права, якое вышэйшае за нацыянальнае. Ня варта спыняцца, бо гэта права не асобнага чалавека, а права тых людзей, якіх катавалі».
«Магу таксама параіць беларусам, якія адстойваюць такія месцы, зьвярнуцца ў архіў National Archives and Records Administration (NARA), ён знаходзіцца ў Мэрылэндзе ў ЗША. Ён нам вельмі дапамог знайсьці аэрафатаздымкі тых гадоў, якія нам вельмі дапамаглі ў нашых дасьледаваньнях. Ёсьць спэцыялісты, якія могуць расшыфраваць гэтыя здымкі і вызначыць лякалізацыю масавых пахаваньняў. Для пошукавай групы гэта вельмі спросьціць працу, бо яны ўжо ведаюць, дзе шукаць».
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты