Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі


Аскепак снараду, які разарваўся падчас салюту 3 ліпеня ў Менску
Аскепак снараду, які разарваўся падчас салюту 3 ліпеня ў Менску

Іх пастаўляе кампанія «Пиро-Росс». Камэнтаваць выпадак са сьмяротным зыходам і некалькімі пацярпелымі журналістам Свабоды ў кампаніі адмовіліся.

Беларускае выданьне Office Life раней дазванілася ў кампанію. Там пацьвердзілі, што супрацоўнічаюць зь Міністэрствам абароны Беларусі ня першы год. Паводле прадстаўніка кампаніі, яны паставілі ў Менск зарады расейскай вытворчасьці з партыі 2017 году. Сума паставак аднолькавая штогод — каля 20 мільёнаў расейскіх рублёў. Гэта больш за 600 тысяч беларускіх рублёў. Таксама паведамляецца, што прадстаўнікі кампаніі ўжо знаходзяцца ў Менску.

Кампанія вырабляе абсталяваньне для салютаў і фаервэркаў з 1994 году.

Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Ўладзімера Макарава, «салютныя ўстаноўкі ў Беларусі не выпускаюцца».

Уладзімер Макараў паведаміў Свабодзе, што выкарыстоўваліся салюты вытворчасьці расейскай кампаніі — «ААТ «ПироРОСС».

«Самая поўная інфармацыя будзе дадзена вайсковым ведамствам, калі ўсё высьветліцца».

Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Што важна ведаць

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG