Выпадак пракамэнтавалі Сьледчы камітэт і Мінабароны. Відавочцы паведамляюць пра інцыдэнты ў розных частках гораду.
Позна ўвечары 3 ліпеня на ўзьбярэжжы Сьвіслачы ў Менску адбылася трагедыя. Падчас запуску сьвяточнага салюту чатыры снарады разарваліся, аскепкі паляцелі ў бок людзей. У выніку была моцна параненая адна з жанчын, яна загінула на месцы, нягледзячы на спробы мэдыкаў дапамагчы пацярпелай.
Што вядома пра колькасьць пацярпелых?
Паводле Сьледчага камітэту, без уліку загінулай раненьні атрымалі сама меней дзевяць чалавек. «На сёньняшні момант у стацыянары застаюцца два чалавекі, — працытавала раніцай агенцтва БелТА словы міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. — Гэта двое мужчын, 1957 і 1995 гадоў нараджэньня. У аднаго зь іх раненьне шчакі, у другога — траўма пляча. Абодва знаходзяцца ў стане бліжэй да здавальняючага. Пагрозы для жыцьця няма. Астатнім дапамога аказана амбулаторна, і яны адпушчаныя дадому».
Што вядома пра загінулую?
Гэта жанчына 1955 году нараджэньня, яна назірала за сьвяточным салютам ля Сьвіслачы, непадалёк ад вуліцы Даўмана. Відавочцы паведамляюць, што пацярпелая была на месцы здарэньня разам з дарослай дачкой. Адразу пасьля раненьня пацярпелай спрабавалі дапамагчы супрацоўнікі МНС, якія патрулявалі Сьвіслач на водным скутэры, празь некалькі хвілін на месца прыбылі мэдыкі. Рэанімацыйныя захады працягваліся каля 30 хвілін, аднак выратаваць жанчыну не ўдалося. Відавочцы расказваюць пра вялікую колькасьць страчанай ёю крыві: аскепак пацэліў жанчыне ў шыю і, верагодна, перабіў сонную артэрыю.
Сьледчы камітэт афіцыйна пацьвердзіў здарэньне, аднак пра завядзеньне крымінальнай справы пакуль не паведамлялася. Таксама ў Сьледчым камітэце пакуль не пацьвярджаюць, што прычынай сьмерці жанчыны стаў менавіта сьвяточны салют.
Інцыдэнты падчас запуску салютаў у іншых раёнах Менску
Вядома, што запускі салютаў неадпаведна пляну адбыліся ня толькі ў Парку Перамогі. Паводле відавочцаў, побач зь зямлёй разарваліся снарады таксама ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паведамленьняў аб пацярпелых там пакуль няма.
Вядома, што ад месца запуску салютаў да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах па вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
Што вядома аб прычынах выбухаў?
Пакуль ёсьць толькі неафіцыйная інфармацыя. Паводле яе, некалькі снарадаў для сьвяточнага салюту зь незразумелых прычынаў разарваліся невысока над зямлёй адразу пасьля запуску. Іх аскепкі паранілі людзей і выбілі шыбы ў будынках. Паводле іншай вэрсіі, выбухі снарадаў для салюту адбыліся ўнутры пускавых установак і людзей параніла ўжо іхнымі аскепкамі.
На месцы здарэньняў карэспандэнты Свабоды бачылі кавалкі плястыку і кардону. Імі літаральна засыпала ходнікі ля Сьвіслачы.
Камэнтар Міністэрства абароны
Рэакцыя ведамства на трагічнае здарэньне зьявілася празь 2 гадзіны пасьля яго. Менавіта спэцыяльнае падразьдзяленьне Мінабароны займаецца запускамі сьвяточных салютаў.
«Камісія Міністэрства абароны сумесна са Сьледчым камітэтам высьвятляе прычыны атрыманьня траўмаў падчас салюту ў Менску, — гаварылася ў ім. — Пацярпелі 4 чалавекі. Зь іх адна жанчына атрымала траўму, не сумяшчальную з жыцьцём. Вайсковае ведамства выказвае спачуваньні родным і блізкім загінулай і акажа неабходную дапамогу. Устаноўлена, што зарады гэтай партыі раней ужо ўжываліся для салютаў».
Аднак усяго за два дні да трагедыі ў інтэрвію агенцтву «Менск-Навіны» камандзір патрульнай роты камэнданцкага батальёна, старшы лейтэнант Аляксей Круглік паведаміў пра новыя вырабы.
«Сакрэтаў раскрываць ня буду, — сказаў журналістам вайсковец. — Але скажу, што ў гэты раз мы выкарыстаем новыя фаервэрачныя вырабы, якіх раней не паказвалі. Агульную карціну ўбачыце на салюце».
Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.