Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шмат гадоў хаджу на салют. Такога яшчэ ня бачыў». Відавочца пра выбухі ў парку Перамогі


Міліцыя на месцы здарэньня, 3 ліпеня 2019 году
Міліцыя на месцы здарэньня, 3 ліпеня 2019 году

Мянчук Андрэй быў побач зь месцам, дзе загінула жанчына. Паводле яго, людзі сабраліся ля Сьвіслачы, таму што іх не пусьцілі бліжэй да стэлы.

Позна ўвечары 3 ліпеня ў Менску адразу ў некалькіх раёнах гораду быў заплянаваны сьвяточны салют. Як мінімум на дзьвюх пляцоўках запуск фаервэркаў пайшоў не паводле пляну. На набярэжнай Сьвіслачы насупраць парку Перамогі была сьмяротна параненая жанчына. СК завёў крымінальную справу, паведамляецца пра 10 пацярпелых. Жыхар Менску Андрэй, які быў побач зь месцам трагедыі, расказаў Свабодзе пра тое, што пабачыў уначы.

«Салют быў заўсёды за Сьвіслаччу, і ў парк Перамогі заўсёды пускалі людзей, — расказвае Андрэй. — А гэтым разам не пусьцілі. Стаялі людзі ў цывільным, мне сказалі, што ўваход толькі па сьпісах. Таму я застаўся на мосьце, але не на тым, па якім ішоў парад, а на пешаходным, які бліжэй да Палаца моладзі».

Па словах відавочцы, праз дзеяньні людзей у цывільным на набярэжнай набралася дастаткова шмат людзей. Большасьць зь іх назіралі за відовішчам з другога боку ракі, ад спарткомплексу «Дынама» на вуліцы Даўмана.

«Стаяў, чакаў салюту, — кажа відавочца. — Побач са мной было каля 50 чалавек, гэта ўсе, каго не пусьцілі ў парк. У асноўным людзі стаялі за ракой, акурат там, куды паляцелі аскепкі потым. Сем’і зь дзецьмі ў асноўным, вельмі шмат дзяцей. Калі салют пачаўся, амаль адразу я пачуў два выбухі. Прыкладна праз хвіліну пасьля пачатку. Я здымаў усё на відэа, выбухі добра чуваць. Спачатку ўсё ў неба ляцела, а потым стрэл, нешта па зямлі разышлося. Затым выбух — і ўсё, дым. Нам усім вушы залажыла. Перада мной тры дзяўчыны стаялі. Яны адразу за вушы схапіліся і прыселі».

Андрэй гаворыць, што выбухі былі вельмі моцнымі. Ён адразу зразумеў, што ў вайскоўцаў нешта здарылася.

«Мне знаёмая, якая была побач са стэлай, пазваніла пасьля ўсяго, — працягвае відавочца. — Сказала, што нават там гук выбухаў быў чуваць. Больш пацярпелых я ня бачыў, толькі гэтая жанчына. Бачыў, як на месца „хуткія“ ехалі. Але пра разьбітыя ў дамах шыбы і іншае я ўжо дома даведаўся».

Паводле відавочцы, людзі далёка не адразу зразумелі, што адбываецца. Частка зь іх заставаліся на месцы падзеі і пасьля выбухаў. Сьвяточны салют працягваўся ў іншым баку Парку Перамогі, і людзі назіралі за залпамі.

«Пасьля выбухаў салют ля Сьвіслачы скончыўся адразу, але з боку стэлы ён яшчэ працягваўся, — кажа Андрэй. — Людзі проста пачалі назіраць за іншым салютам, мы даглядзелі яго. Разыходзіцца пачалі, толькі калі салют скончыўся зусім. Тады ж пачаўся і канцэрт ля стэлы».

Відавочца гаворыць, што моцна ўзрушаны тым, што здарылася. Дагэтуль ён лічыў, што сьвяточныя салюты — бясьпечнае відовішча, якое ня можа мець цяжкіх наступстваў.

«Я ня першы раз хаджу глядзець салют на 3 ліпеня, ніколі такога раней ня бачыў, — расказвае Андрэй. — Заўсёды ўсё было цудоўна. Я знарок выбіраю гэтае месца ля Сьвіслачы, там прыгожа агні адбіваюцца ў вадзе. Мне вельмі падабаецца. Але налета я дзесяць разоў падумаю, перад тым як пайсьці».

Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG