Падчас салюту на афіцыйны Дзень незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбылося надзвычайнае здарэньне. Паводле відавочцаў, некалькі снарадаў разарваліся занадта нізка. Ад раненьня аскепкамі загінула сталая жанчына. Яшчэ прынамсі тры чалавекі пацярпелі. Свабода прасачыла, як разьвіваліся падзеі.
- Салют пасьля параду распачаўся ў 22.20. Запуск фаервэрку адбываўся з 6 пляцовак: парк Перамогі (за стэлай «Менск — горад-герой»), паблізу вёскі Зацань, паблізу вёскі Навінкі, на тэрыторыі старога аэрапорту Менск-1, ля Чыжоўскіх могілак, у вайсковым гарадку Ўручча.
- У 22.27 у сацсетках зьявілася першае паведамленьне, што запускі салюту адбыліся падазрона нізка, гэта справакавала вельмі моцны шум. Але нібыта «нічога ня здарылася».
- Пазьней фатограф Дзьмітры Малаковіч апублікаваў фота запуску салюту на пляцоўцы ў Чыжоўцы (датавана 22.24), дзе «нешта пайшло трошкі ня так».
У 22.48 тэлеграм-канал блогера Nexta паведаміў, што адна з салютных ракетаў паляцела «не туды, куды трэба» і аскепак ад яе трапіў у жанчыну.
- Параненая назірала за салютам на набярэжнай ракі Сьвіслач побач са спарткомплексам «Дынама» на вуліцы Даўмана.
- У будынку спарткомплексу, як і ў жылых дамах на прылеглай вуліцы Чарвякова, пасьля запуску салюту выбіла шыбы. Набярэжная Сьвіслачы была ўсеяная плястыкавымі і кардоннымі аскепкамі.
- 23.53 На месца здарэньня прыбыў карэспандэнт Свабоды. Там ужо працавалі сьледчыя. Але сьвяточны канцэрт ля стэлы «Менск — горад герой» усё яшчэ працягваўся.
- Парк Перамогі, дзе месьцілася адна з пляцовак запуску салюту, ачэплены АМАПам, там працуюць сьледчыя.
- 0.54 Першае афіцыйнае пацьверджаньне здарэньня — Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць жанчыны. Праз 2 хвіліны ўжо пра 4 пацярпелых паведамляе Мінабароны.
- Толькі пасьля афіцыйнага пацьверджаньня пра інцыдэнт вельмі суха паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.