Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу анархіста Паліенкі за пярцовы газ і графіці перадалі ў пракуратуру


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Расьсьледаваньне крымінальнай справы актывіста анархічнага руху Зьмітра Паліенкі завяршылася, справа перададзеная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд, паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Зьмітра Паліенку вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК), псаваньні маёмасьці (арт. 341 КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч.1 арт. 130 КК). Актывіст застаецца пад вартай, псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза пастанавіла, што ён «мог усьведамляць фактычны характар і небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».

Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўленьня абвінавачваньня да 5 красавіка (хаця можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачваньні аб’ядналі ў адну справу:

  • увечары 13 сакавіка, як сьцьвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балёнчыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне ў пад’езьдзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона — да Зьмітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);
  • 23 студзеня была распачатая таксама крымінальная справа за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску, у якой разам з Паліенкам фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасься Гусева.

Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».

​У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зьняволеньня.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

Цяпер у зьняволеньні Паліенка абвяшчаў галадоўку, патрабаваў аказаньня мэдыцынскай дапамогі і права на лісты сябрам. СК сьцьвярджаў, што галадоўкі не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG