Працяг на месяц расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенкі можа быць зьвязаны з Эўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня. Гэтак мяркуе актывістка Наста Гусева, сяброўка Зьмітра Паліенкі, якая мела ў справе статус падазронай.
«Пра тое, што справа падоўжаная, мне вядома з афіцыйных крыніц. Яшчэ мне сказалі, што будуць пераводзіць мяне з падазронай у сьведкі. Відавочна, што справу працягнулі з прычыны Эўрапейскіх гульняў, каб не атрымалася, што падчас наведваньня Менску тысячамі замежнікаў тут пачаўся суд над палітвязьнем», — мяркуе актывістка.
Паводле Насты Гусевай, у траўні сьледчыя казалі ёй, што расьсьледаваньне мае быць завершанае да канца месяца і яго перададуць у суд.
Па словах актывісткі, якая лістуецца са Зьмітром Паліенкам, пра гэта папярэджвалі і яго.
«Зьмітру на „Валадарцы“ ўжо былі сказалі, што перавядуць у Жодзінскую турму, але раптам усё спынілі і цяпер цягнуць час. Мяркую, пасьля гульняў, у ліпені ўсё зноў закруціцца», — сказала Гусева.
Зьмітра Паліенку затрымалі ў сакавіку 2019 году. Спачатку актывіста падазравалі ў нанясеньні графіці, якое распальвае варожасьць адносна міліцыі, ды ў пашкоджаньні маёмасьці. Потым дадалося абвінавачаньне ў злосным хуліганстве — нібыта Паліенка зьбіў чалавека. Вядома, што актывіст вінаватым сябе не прызнае, а зьбітага называе правакатарам і кажа, што той першым напаў у пад’езьдзе.
Трэці месяц Паліенку трымаюць у Менскім сьледчым ізалятары.
Зьміцер Паліенка — былы палітвязень. У кастрычніку 2018 году ён выйшаў з Бабруйскай калёніі пасьля 1,5 года зьняволеньня за парушэньне ўмоў папярэдняга пакараньня. Раней яго асудзілі за напад на міліцыянта падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» ў красавіку 2016 году.
У Сьледчым камітэце Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар пра расьсьледаваньне справы Паліенкі.