Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз дапаможа Беларусі і Ўкраіне пазначыць агульную дзяржаўную мяжу


© Shutterstock
© Shutterstock

Урад Беларусі ўхваліў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўрапейскага зьвязу, накіраванай на падтрымку дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы.

Аб’ёмы дапамогі не ўдакладняюцца. Дэмаркацыя — пазначэньне мяжы на мясцовасьці адмысловымі знакамі. Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы працягласьцю 1084 км пачалася ў 2013 годзе і мае завершыцца толькі ў 2026 годзе, адзначае БелаПАН.

У канцы мінулага году паведамлялася, што з мапы на мясцовасьць нанесена больш як 700 км беларуска-ўкраінскай мяжы. Усяго трэба паставіць каля 3200 памежных знакаў, на кастрычнік 2018 году зь беларускага боку было пастаўлена 900.

На 2019 год Беларусь і Ўкраіна дамовіліся працягнуць ачыстку паласы мацаваньня мяжы і ўстаноўку памежных знакаў, а таксама заняцца пераносам з мапы на мясцовасьць мяжы ў раёне зоны адчужэньня Чарнобыльскай АЭС.

Беларусь ужо завяршыла дэлімітацыю (вызначэньне мяжы без слупоў на мясцовасьці) і дэмаркацыю на стыку межаў зь Літвой і Латвіяй (у 2001-м), Літвой і Польшчай (у 2012-м), а таксама дэлімітацыю да стыку межаў з Латвіяй і Расеяй (2010). Дамова пра дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы была падпісаная ў 2014 годзе.

Пастанова ўраду таксама ўхваліла восем праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія тычацца: рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі, адукацыі, разьвіцьця прадпрымальніцтва, турызму, захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны, рэканструкцыі інфраструктуры на польска-беларускай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG