Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю 21 траўня прыняла рашэньне аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.
Камісія «выявіла наяўнасьць дэмпінгавага імпарту з гэтых краін на працягу 2015-2018 гадоў. Разам з тым долі імпарту цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту з РФ, Беларусі і Малдовы ў агульным аб’ёме імпарту гэтых тавараў ва Ўкраіну на працягу ўсяго пэрыяду дасьледаваньня пастаянна расьлі, што сьведчыць пра намер далейшага павелічэньня аб’ёму дэмпінгавага імпарту з гэтых краін», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства эканамічнага разьвіцьця.
Міжведамасная камісія ўводзіць мыла ў памеры 114,95% з тавару паходжаньнем з Расеі; 57,03% — зь Беларусі; 94,46% — з Малдовы.
Мыта будзе спаганяцца на працягу пяці гадоў.
Раней Кабінэт міністраў Украіны паведаміў аб увядзеньні эмбарга на расейскі цэмэнт і фанэру.
15 траўня ўрад дапоўніў пералік расейскіх тавараў, забароненых да ўвозу ва Ўкраіну. Сярод забароненых ёсьць некалькі груп прамысловых тавараў, мінэральных угнаеньняў, сельскагаспадарчай прадукцыі, транспартных сродкаў. Агульны кошт гэтай прадукцыі складае 510 000 000 даляраў за год.