Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта стары раскол». У Беларусі зьявілася яшчэ адна польская арганізацыя


Польскае школьнае таварыства ў Горадні
Польскае школьнае таварыства ў Горадні

У Беларусі ўтварылася чарговая польская арганізацыя. Яе ўзначаліў Мечыслаў Яскевіч, які раней быў старшынём непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў.

«Гэта арганізацыя апалітычная»

Мечыслаў Яскевіч
Мечыслаў Яскевіч

Як кажа Мечыслаў Яскевіч, новая арганізацыя называецца «Супольнасьць палякаў» (Wspólnota Polaków). 11 чэрвеня яе зарэгістравала Міністэрства юстыцыі Беларусі. Арганізацыя будзе займацца падтрымкай польскай культуры і традыцый польскага народу. Пры ёй дзейнічае польская школа імя Яна Паўла II, у якой дзеці могуць атрымаць дадатковую адукацыю.

«Гэта арганізацыя апалітычная. Наша палітыка — чацьвёртая Божая запаведзь: „Слухай сваю маці“», — кажа Яскевіч.

Колькі ў «Супольнасьці» сяброў, цяпер цяжка сказаць. Аднак вядома, што на сходзе заснавальнікаў напрыканцы траўня сабраліся 64 прадстаўнікі розных польскіх арганізацый з усяе Беларусі.

Паводле кіраўніка навастворанай арганізацыі, зарэгістраваць яе спрабавалі больш за два гады — зь лютага 2017-га. Урэшце шостую просьбу задаволілі. Офіс цяпер у Горадні на вуліцы Будзённага.

«Мы хацелі легалізаваць арганізацыю, якая дзейнічае ў Беларусі, зрабіць без скандалаў, бяз шуму», — патлумачыў Яскевіч.

«Фінансаваньне будзем прасіць паўсюль»

На пытаньне, навошта яшчэ адна польская арганізацыя ў Беларусі, спадар Яскевіч адказаў: каб у людзей быў выбар, да каго далучыцца, бо ў розных арганізацый розны падыход да справы.

Кім будзе фінансавацца новая арганізацыя, пакуль незразумела.

«Фінансаваньне будзем прасіць паўсюль, дзе можам, у людзей добрай волі», — кажа старшыня новай арганізацыі.

Таксама пакуль не зразумела, як да «Супольнасьці палякаў» ставяцца польскія ўлады.

«Я паінфармаваў амбасаду, кансулят. Нічога кепскага мы ня робім, убачым... Будзем размаўляць на гэтую тэму. Мы хочам, каб нас прызналі», — кажа Яскевіч.

Ці можна назваць новую арганізацыю трэцім Саюзам палякаў?

«Так, яна трэцяя арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню пасьля зарэгістраванага Саюзу палякаў і Polskiej macierzy szkolnej», — адказаў Яскевіч.

На пытаньне, да якога СПБ новая арганізацыя больш прыхільная, Яскевіч адказаў, што прыязна ставіцца да ўсіх.

«Няма кепскіх ці добрых палякаў, усе аднолькавыя, усе мы разам. Таму мы „Супольнасьць“. Нікога не дзялю», — сказаў Яскевіч.

У Беларусі дзейнічаюць два Саюзы палякаў

Фактычна цяпер у Беларусі існуюць два Саюзы палякаў Беларусі (СПБ). Упершыню такі саюз быў заснаваны ў 1990 годзе. Аднак у 2005 годзе ён падзяліўся. Адзін новы саюз, прызнаны беларускімі ўладамі і не прызнаны польскімі, цяпер узначальвае Мечыслаў Лысы. Другі, на чале з Анжалікай Борыс, не зарэгістраваны ў Беларусі, але яго падтрымлівае Польшча.

Мечыслаў Яскевіч узначальваў непрызнаны беларускімі ўладамі СПБ у 2012–2016 гадах. Калі на пасадзе яго зьмяніла Анжаліка Борыс, адбыўся скандал, і Яскевіч вырашыў стварыць уласную арганізацыю.

Аўдыторыя для заняткаў у Польскім школьным таварыстве
Аўдыторыя для заняткаў у Польскім школьным таварыстве

Яшчэ адна арганізацыя рэспубліканскага ўзроўню — Polska macierz szkolna.

Не вярнуў 30 тысяч эўра?

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

Старшыня незарэгістраванага СПБ Анжаліка Борыс кажа, што гэта стары раскол, які пачаўся ў 2016 годзе, пасьля таго як Яскевіч прайграў выбары на старшыню СПБ. Па словах Борыс, тады Яскевіч забраў маёмасьць арганізацыі і не адсправаздачыўся за сваю дзейнасьць ні перад СПБ, як мусіў паводле статуту арганізацыі, ні перад польскімі ўладамі, якія фінансавалі дзейнасьць СПБ. Як цьвердзіць цяперашняя старшыня неафіцыйнага СПБ, Яскевіч застаўся вінен СПБ 30 тысяч эўра і рухомую маёмасьць.

«Я ня скраў нічога»

Мечыслаў Яскевіч аспрэчыў гэтую інфармацыю.

«Я ня скраў нічога. Я ня скраў ні лаўкі, ні сталы, ні дошкі. Дамоў я не пабудаваў», — сказаў ён.

Яскевіч патлумачыў, што гаворка ідзе пра маёмасьць, якой цяпер карыстаецца школа імя Яна Паўла II. Пасьля скандалу ён перажываў, што ягоная былая намесьніца і дырэктарка гэтай школы Алена Дубоўская страціць пасаду, таму перадаў маёмасьць гэтай школе.

«Тады ў школе было 150 дзяцей, цяпер 420. З 75 выпускнікоў 69 атрымалі польскую стыпэндыю. Школа Яна Паўла II працуе. Алена Дубоўская працавала сумленна. Я перадаў гэтую маёмасьць тым людзям, які над гэтым працавалі. Борыс з Пачобутам не працавалі, яны гэта кінулі і ўцяклі», — эмацыйна кажа Яскевіч.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG