Сакратар грамадзкай назіральнай камісіі аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Павал Каралёў на Facebook спытаў у прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, чаму Канстанцін Бурыкін, вядомы як «бацюшка са свастыкай», усё яшчэ лічыцца сьвятаром.
У камэнтарах разгорнуты адказ даў прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін.
Ён тлумачыць:
- Бурыкін не пазбаўлены сану, а толькі «забаронены ў сьвятарскім служэньні», бо злачынства, за якое ён ужо асуджаны (захоўваньне зброі), «не зьмяшчае ў сабе кананічнага злачынства, якое прадугледжвае такую меру»;
- абставіны справы не даюць «магчымасьці асуджэньня Бурыкіна завочна, безь ягонай прысутнасьці на царкоўным судзе»;
- тату свастыкі і герба нацысцкай Нямеччыны на целе Бурыкіна ёсьць «вынікам ягонага ранейшага жыцьця, у якім ён раскаяўся і прыхільнасьць да якога больш не праяўляў»;
- пропаведзь нацызму магла б стаць падставай да пазбаўленьня сану, але сану не пазбаўляюць «за тое, што магло быць, і невядома, ці было, а значыць, не было» (сам сьвятар прызнаваўся, што праводзіў малебны і абрады для сяброў нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство», але не казаў, што прапагандаваў нацызм);
- «сану не пазбаўляюць на падставе патрабаваньняў блогераў і журналістаў», а пытаньне аб тым, ці праўда Бурыкін гвалтаваў непаўналетнюю дачку, мусіць вырашыць грамадзянскі суд, а царква ня мае ўласнага суду ў крымінальных справах;
- калі суд дакажа віну Бурыкіна ў згвалтаваньні непаўналетняй дачкі, то яго пазбавяць сану, і практыка склалася так, што «праз такія абвінавачаньні рашэньне аб пазбаўленьні сану можа быць вынесенае і ў адсутнасьць абвінавачанага клірыка на царкоўным судзе»;
- Лепін зьвяртае ўвагу на тое, што ён і блогеры ня бачылі дачку Бурыкіна пабітай — значыць, і іншыя маглі не зьвярнуць на гэта ўвагу і «прагледзець» паводзіны сьвятара, а на пытаньне пра фота сьвятара з нацысцкай сымболікай і дачкой ён не адказаў.
Каралёў таксама пытаў Лепіна пра тое, ці «больш небясьпечны для царквы» айцец Аляксандар Шрамко, якога за крытыку патрыярха часова адправілі за штат «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня дабраславеньня». Лепін адказаў, што разважаньні пра «хто больш небясьпечны» пакіне без камэнтару «як эмацыйныя».
Грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін быў праваслаўным сьвятаром, пабудаваў храм у Гатаве пад Менскам. Яго называлі духоўнікам нэанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ), ён насіў тату свастыкі на грудзях і герба нацысцкай Нямеччыны на плячы. Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калесьнік, старшыня БФСТ «Дынама».
Цяпер ён асуджаны на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўваньне зброі, на яго завялі новыя крымінальныя справы за гвалтаваньне непаўналетняй дачкі, а таксама за прысваеньне грошай у буйным памеры. Бурыкін зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні — прызнаў віну адносна зброі, але прасіў не пазбаўляць яго волі «дзеля чатырох дзяцей», таксама казаў, што «спыніў супрацу з РНЕ, калі ўлады абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай».