Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зусім дрэнныя справы ў БПЦ, калі сьвятар са свастыкай атрымаў прыход у сталіцы»


Канстанцін Бурыкін
Канстанцін Бурыкін

Што хаваецца за скандальным арыштам сьвятара Канстанціна Бурыкіна?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту праваслаўны сьвятар Канстанцін Бурыкін, які служыў у прыходзе ў Гатаве затрыманы міліцыяй, адносна яго ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да боепрыпасаў.

Больш шчыльнае вывучэньне гэтай справы паказвае, што бацюшка Бурыкін — вельмі калярытны пэрсанаж. Высьвятляецца, што, па-першае, ён ня меў духоўнай адукацыі. Па-другое, ён быў другі раз жанаты, што супярэчыць правілам і канонам праваслаўнай царквы. Па-трэцяе, ён ня меў беларускага грамадзянства, зьяўляецца грамадзянінам Расеі, што супярэчыць заканадаўству Беларусі.

Такі пэрсанаж атрымаў прыход не ў нейкай глухой правінцыйнай вёсцы, а ў сталіцы.

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Бурыкін быў вядомы шчыльнымі кантактамі з нэанацысцкай арганізацыяй «Рускае нацыянальнае адзінства». У 2014 годзе стала вядома, што ў сьвятара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрвію СМІ адрокся ад сваіх былых захапленьняў. І вось цяпер яшчэ абвінавачваньне ў захоўваньні боепрыпасаў. І такі пэрсанаж атрымаў прыход не ў нейкай глухой правінцыйнай вёсцы, а ў сталіцы. Відаць, зусім дрэнныя справы у БПЦ.

Ці можа як раз наадварот, такія сьвятары цяпер у фаворы? Тое, што бацюшка зьяўляецца расейскім грамадзянінам, з гледзішча цяперашняга кіраўніцтва БПЦ ня мінус, а плюс. Бо сам кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел — таксама грамадзянін Расеі.

У сьвятара Бурыкіна з гледзішча цяперашняга кіраўніцтва БПЦ ёсьць яшчэ плюсы. Пры гэтым, паводле інфармацыі СМІ, ён захоўваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол», гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы на базе ягонага прыходу. Бурыкін быў таксама кіраўніком духоўна-спартовага цэнтру «Белая Русь». Цікава, якую духоўнасьць прапагандуе гэты сьвятар?

Дык у незалежных мэдыях зьявілася шмат інфармацыі, што сьвятары БПЦ зьвязаныя з радыкальнымі расейскімі арганізацыямі, якія актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях у Данбасе. Яны нават возяць туды беларускіх падлеткаў у нейкія летнікі, дзе іх навучаюць абароне «русского мира» са зброяй у руках.

Ці то гэта дзейнасьць актывізавалася пасьля Крыму, ці то так было заўсёды, а цяпер проста пра гэта сталі больш пісаць.

Апошнім часам зьяўляецца шмат інфармацыі, што структуры БПЦ стала актыўным правадніком расейскага ўплыву на Беларусь. Не да канца зразумела, ці то гэта дзейнасьць актывізавалася пасьля Крыму, ці то так было заўсёды, а цяпер проста пра гэта сталі больш пісаць.

Ці адчувае палітычнае кіраўніцтва Беларусі пагрозу з гэтага боку? Куды глядзіць КДБ? Думаю, у пэўным сэнсе адчувае. Але спэцслужбы скіраваны ў асноўным на змаганьне з палітычнай апазыцыяй?
Вось цяпер прынятае больш жорсткае заканадаўства супраць выкарыстаньня нацысцкай сымболікі. Суд забараніў песьню, якую пелі заўзятары. А сьвятара з свастыкай на плячы ня ўбачылі.

Гурневіч: Афіцыйная вэрсія затрыманьня Бурыкіна — гэта падазрэньне ў захоўваньні боепрыпасаў. Як паведаміла «Наша Ніва», за гэта сьвятару пагражаюць папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў, або арышт тэрмінам да шасьці месяцаў, або абмежаваньне волі тэрмінам да пяці гадоў, або пазбаўленьне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці.

Прычынаў, як вынікае з расьсьледаваньня газэты, можа быць больш. Канстанцін Бурыкін фактычна кіраваў Фэдэрацыяй паўэрліфтынгу, афіцыйна будучы намесьнікам кіраўніка. Беларусь у наступным годзе будзе прымаць чэмпіянат сьвету па паўэрліфтынгу. Фэдэрацыя атрымала некалькі мільярдаў рублёў на набыцьцё абсталяваньня, якое выклікае шмат пытаньняў, бо выглядае як ужыванае. І ўвогуле чэмпіянат на мяжы зрыву з-за скандальнасьці асобы Бурыкіна.

Чарговы сьлед у затрыманьні — гэта нэанацысцкія захапленьні сьвятара.

Свастыка на целе праваслаўнага сьвятара гэта — ня проста нешта скандальнае.

Паводле цяперашняга заканадаўства, для затрыманьня хапіла б і апошняга. Свастыка на целе праваслаўнага сьвятара гэта — ня проста нешта скандальнае. У Беларусі памяць пра вайну і яе ахвяр — гэта сьвятое. А ў гэтым выпадку мы маем неверагодны кактэйль: духоўная асоба са свастыкай. Мяркуецца, што на кампутарных носьбітах у кватэры Бурыкіна такога больш.

Але я б не разглядаў яго ўпадабаньні гітлераўскай сымболікі галоўнай прычынай затрыманьня. Гэта, як выяўляецца, не было ніякай таямніцай. Пра гэта ведалі яго сябры, падначаленыя, і я перакананы, што ведалі і спэцслужбы. А значыць пяройдзеная мяжа, і я схільны верыць, што яна ўсё ж датычыць эканамічных момантаў яго дзейнасьці. Калі нават праваслаўная царква забараніла насіць яму вопратку сьвятара і вырашыць, ці пазбаўляць сану, то я перакананы, што справа куды больш сурʼёзная, чым свастыка. Праваслаўная царква ў Беларусі блізкая зь дзяржавай і калі б справа была толькі ў нейкай экстравагантнасьці сьвятара, то можна было б прымусіць яго маўчаць, а справу замесьці пад дыван.

Глод: Паводле беларускага заканадаўства, дзяржава — пазарэлігійны інстытут. Яна аддзеленая ад Царквы, або, інакш кажучы, рэлігія аддзеленая ад дзяржавы.

Фактычна гэта не зусім так. Паглядзіце, якое палітычнае сяброўства ўсталявалася паміж вышэйшай герархіяй Расейскай праваслаўнай царквы і вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, якія сустрэчы адбываюцца ў Пуціна і Лукашэнкі з патрыярхам Кірылам.

У гэтай справе многія праваслаўныя бацюшкі ідуць нават наперадзе крамлёўскіх ідэолягаў і вайскоўцаў.

Усё гэта асабліва ярка праглядаецца ў апошнія гады, калі Пуцін і ягонае атачэньне пачалі насаджаць культ так званага рускага сьвету. У гэтай справе многія праваслаўныя бацюшкі ідуць нават наперадзе крамлёўскіх ідэолягаў і вайскоўцаў, выступаюць як самыя ваяўнічыя прадстаўнікі навязьлівай ідэі рускага сьвету.

Падобна, што такі нястрыманы бег наперадзе паравоза палохае ўжо нават і Лукашэнку. Вось Валер Карбалевіч зьвярнуў нашую ўвагу на тое, што Канстанцін Бурыкін — грамадзянін Расеі. Нагадаю, у верасьні Лукашэнка на сустрэчы з сынодам Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы заявіў, што ў беларускіх храмах павінны служыць перш за ўсё сьвятары-беларусы. І другое, што я адзначыў для сябе з той сустрэчы, гэта разьлікі кіраўніка Беларусі на «больш глыбокую ўцягнутасьць царквы ў сацыяльныя працэсы». Менавіта сацыяльныя, а не палітычныя, як гэта адбываецца зараз. Інакш у фаворы і будуць надалей знаходзіцца такія сьвятары, як Канстанцін Бурыкін.

Ня думаю, што КДБ пра гэта ня ведае.

Менавіта падобныя яму сьвятары і нясуць вернікам ідэю панрусізму. Ня думаю, што КДБ пра гэта ня ведае. Але, я не выключаю, што ў структурах Камітэту дзяржаўнай бясьпекі працуюць некаторыя прыхільнікі рускага сьвету. А па-другое, гэта ідэя падтрымлівалася палітычным кіраўніцтвам Беларусі. І толькі пасьля акупацыі Крыму яно адчула пагрозу сабе і з гэтага боку.

Калі вярнуцца непасрэдна да справы Бурыкіна, то яму пагражаюць альбо папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, альбо арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо абмежаваньне свабоды тэрмінам да пяці гадоў, альбо пазбаўленьне свабоды да сямі гадоў з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі маёмасьці. Паглядзім, якім будзе вырак. У залежнасьці ад яго і можна будзе меркаваць, наколькі сур’ёзна ўспрымаюць улады Беларусі пагрозу, якую нясе для іх рускі сьвет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG