Улады штучна падвышаюць заробкі, каб палепшыць імідж Лукашэнкі перад выбарамі.
Сьцісла
- На тле эканамічнай стагнацыі хутка растуць заробкі.
- Раней перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўлады заўсёды штучна падвышалі заробкі, у выніку чаго моцна разганялася інфляцыя і насьпявала дэвальвацыя.
- Напярэдадні новых выбараў ніякіх мабілізуючых ідэй у кіроўнай каманды няма.
- Адзіны пункт перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, да якога будуць апэляваць дзяржаўныя мэдыі, — рост заробкаў. Але гэта можа парушыць стабільнасьць на фінансавым рынку.
Апошняя інфармацыя Белстата дае падставы для цікавых высноваў.
🔺 Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-траўні 2019 году павялічыўся на 1% у параўнаньні зь мінулым годам.
🔺 Абʼём прамысловай вытворчасьці за гэты пэрыяд узрос на 0,3%.
🔻 Вытворчасьць сельгаспрадукцыі зьнізілася на 1,3%.
🔻 За першыя чатыры месяцы экспарт скараціўся на 1,8%.
То бок эканоміка запавольвае свой рост. Эканамісты называюць такую сытуацыю тэрмінам «стагнацыя».
І на гэтым тле заробкі растуць фантастычнымі тэмпамі. За чатыры месяцы гэтага году яны вырасьлі, з папраўкай на інфляцыю, на 8,4%. Паводле афіцыйнага прагнозу, у 2019 годзе рэальныя грашовыя даходы беларусаў павінны вырасьці ўсяго на 3,4%.
Такім чынам, атрымліваецца, што заробкі растуць больш як у 8 разоў (!) хутчэй, чым расьце эканоміка. Відавочна, што гэта робіцца штучна, з палітычных прычын. Адрынутыя ўсе патрабаваньні, каб рост заробкаў не апераджаў росту прадукцыйнасьці працы. І ўсё гэта робіць урад Сяргея Румаса — урад, які мэдыі авансам называлі найбольш прарынкавым у параўнаньні з папярэднікамі і радаваліся, што там нарэшце зьявіліся маладыя сучасныя мэнэджэры.
А да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ прыблізна год. Калі набраныя тэмпы штучнага росту заробкаў пралянгаваць на гэты год, то можна ўявіць, што мы атрымаем на фінішы.
Уласна кажучы, не адбываецца нічога новага. Краіна вяртаецца да звычайнага цыклю. Амаль заўсёды раней да прэзыдэнцкіх выбараў улады штучна падвышалі заробкі, у выніку чаго моцна разганялася інфляцыя і пачыналася дэвальвацыя.
Асабліва адметны быў 2010 год. Са студзеня да сьнежня таго году сярэдні заробак у краіне вырас з 350 да 530 даляраў, то бок на 51%. Вынікам штучнага надзіманьня бурбалкі стаў маштабны фінансавы крызіс у 2011 годзе. Тады беларускі рубель дэвальваваўся амаль у тры разы, пачалася гіпэрінфляцыя, сярэдні заробак у валютным выражэньні ўпаў удвая, валюта зьнікла са свабоднага продажу, зьявіліся чэргі ў абменьніках, людзі масава скуплялі ў крамах соль і запалкі.
Прэзыдэнцкія выбары 2015 году былі адзіным выпадкам, калі ўлады штучна не падвышалі заробкі. Бо, па-першае, урок, атрыманы ў 2010–2011 гадах, быў яшчэ вельмі сьвежы. Па-другое, у гэтым не было неабходнасьці, бо на карысьць Лукашэнкі згуляў «украінскі сындром», які ён вельмі эфэктыўна выкарыстаў, пужаючы народ вайной.
Цяпер страх паўтарэньня ў Беларусі ўкраінскага крызісу мінуў, а давер беларусаў да ўладаў моцна зьнізіўся. І галоўная прычына гэтага трэнду — сацыяльна-эканамічныя праблемы. 10 гадоў як не растуць заробкі. Па-ранейшаму не ўдаецца ўстойліва выйсьці на ўжо культавую лічбу сярэдняга заробку ў 500 даляраў.
Напярэдадні новых выбараў ніякіх мабілізуючых ідэй у кіроўнай каманды няма. Ідэя стабільнасьці на тле сацыяльных праблем ужо не ўспрымаецца электаратам.
Таму адзіны пункт перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, да якога будуць апэляваць дзяржаўныя мэдыі, — гэта рост заробкаў. На фоне эканамічнай стагнацыі, адмовы Расеі кампэнсаваць страты ад падатковага манэўру такая палітыка выглядае авантурай. Можа абрынуцца адзінае дасягненьне апошніх гадоў: стабільнасьць на фінансавым рынку, мінімізацыя дэвальвацыйных чаканьняў, стабілізацыя абменнага курсу беларускага рубля, рост золатавалютных рэзэрваў.
Але што будзе пасьля выбараў, здаецца, Лукашэнку мала хвалюе. Чаго ня зробіш дзеля захаваньня ўлады. Як казаў будучы кароль Францыі Генрых ІV, «Парыж варты імшы».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.