Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узровень патрыятызму і ляяльнасьці да дзяржавы ў беларусаў вельмі высокі, — сацыёляг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» Дар’я Урбан — сацыёляг Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (МП). Яна паведамляе, наколькі рынкавымі сталі беларусы за апошнія гады, тлумачыць, як спалучаецца высокі ўзровень гордасьці за сваю краіну і жаданьне эміграваць, а таксама адказвае на пытаньне, ці перарасло беларускае грамадзтва ў сваёй прагрэсіўнасьці і рынкавасьці цяперашнюю ўладу.

Сьцісла

  • Па ўсім дасьледаваньні відаць, што чым маладзейшыя людзі, тым болей шырокія і сучасныя ў іх погляды.
  • 55 працэнтаў мужчын адчуваюць сябе ў бясьпецы. І толькі 28 працэнтаў жанчын.
  • Значная частка насельніцтва разумее, што так, як цяпер, быць не павінна, павінна быць па-іншаму, і пачынае сама сабе ствараць гэтае «па-іншаму».

Беларусы цяпер нашмат болей схіляюцца да рынкавых рэформаў

— Дасьледчы цэнтар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту (ІПМ) правёў маштабнае дасьледаваньне каштоўнасьцяў насельніцтва Беларусі. У ім даволі шмат лічбаў, і ўсе іх мы ня зможам закрануць у нашай размове. Дар’я, ці можна вылучыць нейкую сфэру, у якой найбольш ярка назіраецца зьмена ў каштоўнасьцях беларусаў за апошнія гады?

— Можна параўноўваць дадзеныя толькі ў тым выпадку, калі супадае мэтадалёгія. Таму я не магу ацаніць усе сфэры, якія мы вывучалі — культурныя каштоўнасьці, рэлігійныя, сямейныя, давер, пачуцьцё бясьпекі і шмат чаго іншага. Паколькі мы не праводзілі раней дасьледаваньне менавіта гэтых каштоўнасьцяў, то параўноўваць тут я не магу.

Дар'я Урбан
Дар'я Урбан

Але мы параўноўвалі эканамічныя каштоўнасьці, стаўленьне да рынкавай эканомікі. І тут назіраецца прыкметнае адрозьненьне ад таго, што было ў 2008–10 годзе. Мы бачым, што беларусы нашмат болей цяпер схіляюцца да рынкавых рэформаў. Адначасова з гэтым яны нашмат меней схіляюцца да каштоўнасьцяў дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі.

— Я прачытаў у вашым дасьледаваньні, што ўсё больш беларусаў аддаюць перавагу ў якасьці найлепшай працы недзяржаўным беларускім і замежным прадпрыемствам, «рэйтынг» дзяржаўных прадпрыемстваў моцна ўпаў.

— Тут розныя прычыны. Розьніца заробкаў, умовы працы (на дзяржаўных трэба «адседзець» на працы 8 гадзін, на прыватных больш гнуткі графік). Шмат якія дзяржаўныя цяпер у заняпадзе, людзям камфортней працаваць у больш пасьпяховых сфэрах. Але нейкага рэзкага скачка перавагаў не назіраецца. І шмат чаго залежыць ад рэгіёну. У Гомельскай вобласьці, прыкладам, дагэтуль найбольш прывабныя для насельніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы.

Выбар робіцца не на аснове таго, дзяржаўнае ці не, — а на аснове таго, дзе цікавей і лепш працаваць, дзе лепш заплацяць.

— Узрост і даходы — тая мяжа, па якой беларусы дзеляцца ў сваіх ацэнках рынкавай эканомікі. Чым маладзейшыя і чым большы даход — тым болей яны падзяляюць рынкавыя каштоўнасьці, тым меней у іх патэрналізму. Ці дае гэта вам пэўны аптымізм?

— Думаю, так, гэта станоўчая тэндэнцыя. Па ўсім дасьледаваньні відаць, што чым маладзейшыя людзі, тым болей шырокія і сучасныя ў іх погляды. Гэта можа быць зьвязана з шырокім распаўсюдам інфармацыі з розных крыніцаў. Але, зноў-такі, ні ў якіх пытаньнях у нас не назіраецца вельмі драматычнай розьніцы.

— Для вас як грамадзяніна і сацыёляга якая лічба была найбольш нечаканай і сэнсацыйнай?

— У кожнай тэме ёсьць вынік, які моцна зьдзіўляе. Для мяне вельмі важны быў вынік, як насельніцтва ацэньвае ўзровень бясьпекі. У цэлым — даволі высока, але мы назіраем вялікую розьніцу ў тым, як адказваюць мужчыны і жанчыны. 55 працэнтаў мужчын адчуваюць сябе ў бясьпецы. І толькі 28 працэнтаў жанчын.

Цікавыя вынікі атрымаліся ў тым, якія якасьці трэба выхоўваць у дзецях. У прыярытэце аказаліся традыцыйныя якасьці — працавітасьць, паслухмянасьць, адказнасьць. А вось свабода думкі, ініцыятыўнасьць, уяўленьне набралі менш балаў.

Цікава, як людзі ставяцца да працы. Тут прыярытэт — высокая аплата, а не цікавасьць працы.

Узровень гонару за сваю краіну вельмі высокі

— Мяне даволі ўразіў адказ рэспандэнтаў на пытаньне, ці ганарацца яны Беларусьсю. І станоўча адказала 85 працэнтаў. Але вы ня бачыце тут ніякай сэнсацыйнасьці і нечаканасьці?

— Гэта даволі складанае пытаньне, яго асобна разглядаць ня варта. Калі пытаесься «ў лоб», ці ганарыцеся вы краінай — то людзі адказваюць «так». Так што трэба параўноўваць яго зь іншымі пытаньнямі. Напрыклад, з тым, ці будзеце вы змагацца за сваю краіну, калі будзе вайна. Тыя ж 85 працэнтаў адказалі, што гатовыя змагацца за сваю краіну. Пры гэтым мы бачым, што ня так шмат людзей размаўляюць на беларускай мове.

— Як сказана ў вашым дасьледаваньні, 86 працэнтаў лічаць, што беларуская мова — «гэта найважнейшая частка нашай культуры, якая павінна захавацца».

— Так і ёсьць. У цэлым узровень ляяльнасьці людзей да Беларусі вельмі высокі. Узровень гонару за сваю краіну таксама вельмі высокі.

— У вашым дасьледаваньні няма пытаньня пра міграцыю. Але вы, напэўна, бачылі вынікі іншых сацыялягічных цэнтраў, паводле якіх даволі значны працэнт беларусаў заяўляе, што яны хацелі б эміграваць. Як гэта стасуецца з вашымі дадзенымі пра патрыятызм і гонар за краіну?

— Гэта тыя рэчы, якія цалкам ужываюцца адна з адной. Бо гордасьць за краіну — гэта ня толькі гонар за нейкія палітычныя і эканамічныя дасягненьні, гэта ў цэлым гордасьць за свой дом. Мы задавалі адкрытае пытаньне, з чым у вас асацыюецца Беларусь. І там самая частая асацыяцыя — гэта дом. Асацыюючы Беларусь з домам і радзімай, яны ганарацца перш за ўсё гэтым.

Што тычыцца таго, чаму яны хочуць зьехаць... Можна колькі заўгодна ганарыцца, але калі тут няма працы... Напрыклад, нанахімік. У Беларусі няма лябараторыі нанахіміі — і ён вымушаны шукаць працу недзе яшчэ. Можа быць шмат чыньнікаў, якія ўплываюць на жаданьне зьехаць. І, як вы ведаеце, можна любіць радзіму на адлегласьці.

Асацыяцыі да слова «Беларусь»
Асацыяцыі да слова «Беларусь»

— Грамадзтва можа мець свае каштоўнасьці, але цяперашняя ўлада праводзіць сваю лінію, якая часам можа не супадаць з настроямі людзей. Ваша ды іншыя дасьледаваньні, а таксама аналіз таго, што адбываецца ў эканоміцы і палітыцы — ці можна зрабіць выснову, што беларускае грамадзтва ў сваёй прагрэсіўнасьці і рынкавасьці перарасло ўладу? Ці ўсё-ткі дзеяньні ўлады пакуль адпавядаюць настроям большасьці беларусаў?

— Складанае пытаньне, і адказ на яго вельмі моцна залежыць ад таго, пра каго мы гаворым. Калі мы кажам пра сельскіх жыхароў, адказ будзе адзін. Маладыя людзі — іншы адказ, жыхары Менску — яшчэ адзін. У многіх буйных гарадах зьяўляецца такая тэндэнцыя, калі людзі самі сабе арганізуюць тое, чаго ім не хапае, чаго ўлады не забясьпечваюць. Самі сабе адкрываюць школы, ладзяць выставы, лекцыі.

У нейкім сэнсе цяпер існуюць два паралельныя сьветы. У адным — звычайныя школы, у іншым — прыватныя. Мы бачым, як моцна разьвіваецца ўся гэтая недзяржаўная інфраструктура. Людзі гатовыя ісьці наперад і робяць гэта. Калі ж справа тычыцца нейкіх дзяржаўных ініцыятываў — яны ёсьць. Але яны іншага характару. Таму мне здаецца, што ёсьць разрыў паміж тым, чаго людзі чакаюць ад дзяржавы, і тым, што дзяржава робіць — і гэта паказала наша апытаньне.

Палітыка і эканоміка аказваюць моцны ўплыў на каштоўнасьці. Зьмены могуць адбывацца зьверху, калі эліты вырашаюць зьмяніць сытуацыю. Але могуць адбывацца і зьнізу, калі людзі самі дарасьлі да таго, што памянялася іхняя каштоўнасная сыстэма. І яны пачынаюць рухацца ня ў тым кірунку, у якім ідзе палітычная сыстэма.

Цяпер у нас, як мне падаецца, адбываецца нешта такое, калі значная частка насельніцтва разумее, што так быць не павінна, павінна быць па-іншаму, і пачынае сама сабе ствараць гэтае «па-іншаму».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG