Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы асудзіла Беларусь за чарговы расстрэл


Расстраляны на днях Аляксандар Жыльнікаў, архіўнае фота (падчас суду)
Расстраляны на днях Аляксандар Жыльнікаў, архіўнае фота (падчас суду)

Чарговае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі працягвае перашкаджаць разьвіцьцю глыбейшых адносінаў з Радай Эўропы, гаворыцца ў заяве прадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тытуса Карлацяна, які рашуча асудзіў расстрэл Аляксандра Жыльнікава.

«Беларусь чарговым разам паказала, што яна ня цалкам адпавядае базавым эўрапейскім стандартам, і выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня працягвае перашкаджаць разьвіцьцю глыбейшых адносінаў з Радай Эўропы», — сказаў Карлацян.

Ён яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады ўвесьці ў тэрміновым парадку мараторый на сьмяротнае пакараньне і не караць сьмерцю другога фігуранта справы Вячаслава Сухарку, калі той яшчэ жывы, бо, «незалежна ад цяжару злачынства і грамадзкай зацікаўленасьці ва ўжываньні прапарцыйнай санкцыі, эўрапейскія дэмакратычныя стандарты забараняюць прымяненьне сьмяротнай кары пры любых абставінах».

13 чэрвеня стала вядома аб прывядзеньні ў выкананьне сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да Аляксандра Жыльнікава. Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухаркі — пакуль невядомы.

Рада Эўропы і Эўразьвяз асудзілі чарговае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG