«Мы асуджаем чарговае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, пра якое паведамілі праваабаронцы. Сьмерць — гэта не правасудзьдзе. Мы паўтараем свой заклік да ўладаў увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне як першы крок да яго поўнай адмены», — гаворыцца ў апублікаванай у «Твітэры» заяве кіраўніка дырэкцыі камунікацыі Рады Эўропы, прэс-сакратара генэральнага сакратара РЭ Даніэля Хольтгена.
Паводле беларускіх праваабаронцаў, быў прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да Аляксандра Жыльнікава. Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухаркі — пакуль невядомы. «Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананьне ў дачыненьні да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе», — адзначае праваабарончы сайт spring96.org.
Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка, былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне ў студзені 2018 году за забойства трох чалавек у сьнежні 2015-га: маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы ў Менскім раёне.
Беларусь застаецца адзінай у Эўропе дзяржавай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Ад пачатку 1990-х у Беларусі расстраляна больш за 400 асуджаных да найвышэйшай меры пакараньня. За ўвесь гэты час памілаваны толькі адзін чалавек.
У 2017 годзе ў Беларусі прывялі ў выкананьне два сьмяротныя прысуды, у 2018 годзе пакаралі сьмерцю чатырох асуджаных. У студзені 2019-га вынесены чарговы сьмяротны прысуд — 36-гадоваму бабруйчаніну Аляксандру Асіповічу.