Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны ў справе кіраваньня зонай адчужэньня спрасьціла для турыстаў парадак наведваньня Чарнобыльскай АЭС.
Цяпер турысты могуць пабачыць першы кантрольна-прапускны пункт «Сяміходы», які быў створаны адразу пасьля аварыі ў 1986 годзе, азнаёміцца з працай галоўнага офісу станцыі і наведаць рэжымныя аб’екты — трэці энэргаблёк ды новы саркафаг, што ўзьведзены над чацьвёртым аварыйным блёкам.
Пад час экскурсіі турыстам прапануюць пачаставацца ў мясцовай сталоўцы абедам паводле стандартаў лячэбна-прафіляктычнага харчаваньня, якое гатуецца для пэрсаналу станцыі, і абяцаюць абавязковы радыяцыйны кантроль пасьля наведваньня.
Жадаючыя таксама змогуць наведаць канал, у якім жывуць знакамітыя чарнобыльскія сомы вялікіх памераў.
Экскурсійны маршрут цалкам паўтарае шлях супрацоўнікаў ЧАЭС, якія штодня езьдзяць на працу электрычкаю са Славуціча — на гэтым шляху цягнік двойчы перасякае мяжу зь Беларусьсю, заяжджаючы на беларускую тэрыторыю па мосьце праз Днепр без прыпынкаў. Тут няма памежнага кантролю, а цягнік абслугоўваюць толькі ўкраінскія чыгуначнікі.
Экскурсійныя туры — платныя. Замежным грамадзянам давядзецца заплаціць 500 грыўняў (прыкладна 18 даляраў у эквіваленце), украінцам — 300 грыўняў. Для арганізаваных груп наведваньне ЧАЭС каштуе каля 2700 грыўняў (прыкладна 100 даляраў у эквіваленце).
Жадаючыя наведаць Чарнобыльскую АЭС могуць зьвярнуцца ў Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонаю адчужэньня з адпаведнаю заяўкаю ў электронным выглядзе. Наведваньне рэжымных аб’ектаў дазваляецца з 18 гадоў, і можа быць забаронена ў выпадку паведамленьня праваахоўных органаў аб датычнасьці заяўніка да тэрарыстычнай дзейнасьці.